Год таму беларуска Валерыя Амялюсік самастойна падрыхтавалася і паспяхова здала TOEFL. Яна распавяла adu.place пра ўсе этапы падрыхтоўкі, а таксама падзялілася падрабязным гайдам. Яна склала яго адмыслова для тых, хто губляецца і не разумее, як можна рыхтавацца да іспыту самастойна. Гайд разлічаны на тых, хто гатовы прысвячаць ангельскай не менш за дзесяць гадзін на тыдзень.
З чаго пачаць?
— Спачатку трэба абраць, які тэст вы будзеце здаваць. Я выбрала TOEFL, а не IELTS, бо ён здаецца на камп’ютары. Я амаль не пішу ад рукі і шмат набіраю на камп’ютары, таму гэты варыянт больш мне пасаваў.
Недзе за 5-6 месяцаў да здачы іспыту я пачала падцягваць мову да ўпэўненага B2 – гэтаму прысвяціла амаль 4 месяцы. Я здавала тэст, каб вучыцца ва ўніверсітэце, таму мне патрэбна было набраць па TOEFL не менш за 90 з 120 балаў – пачынаць менш, чым з В2, не было сэнсу. У гэты час я шмат камунікавала на ангельскай, наведвала размоўныя клубы, чытала і слухала, выкарыстоўвала мову на працы, дзе магу. Калі я стала ўпэўненая ў неабходным узроўні, два месяцы працавала над падрыхтоўкай выключна да іспыту.
Як рыхтавацца да розных частак?
— У гайдзе я падрабязна распісала ўсе крокі, па якіх я ішла. Мой асноўны падручнік – Cracking the TOEFL. Раю выкарыстоўваць дапаможнікі любога году, сам іспыт змяняецца нязначна.
Варта рыхтавацца да TOEFL у тым парадку, у якім размешчаныя яго часткі: іспыт лагічны і заканамерны. Такім чынам, першасна трэба заняцца чытаннем, потым перайсці да слухання і гаварэння, а закончыць напісаннем.
Падрыхтоўка да чытання – гэта грунт. Таму на яго варта выдаткаваць шмат часу: у мяне гэта заняло чатыры-пяць тыдняў. Калі добра засвоіш тэксты, граматычныя канструкцыі, якія там выкарыстоўваюцца, і словы – далей будзе нашмат прасцей, бо трэба будзе іх жа і ўжываць.
Спачатку вельмі марудна варта прачытаць іх усе – на адзін тэкст можа сыйсці і гадзіна. Цягам чытання знайсці новыя словы, дадаць іх у прыкладанне Reword, адказаць на пытанні, праглядзець вынікі. З дапамогай гэтай аплікацыі зручна вучыць новыя словы, яно дае прыклады ўжывання, абавязкова паўтараць вывучаныя словы цягам пэўнага часу. Гэта вельмі важна, бо новых словаў – процьма, прычым не самых лёгкіх. Іх непрывычна завучваць – напрыклад, ці задумваліся вы, як будзе на ангельскай “самец аленя”? Альбо менавіта “жаба”, а не “лягушка”? Тэма біялогіі была маім слабым месцам – потым на гаварэнні яна мне і трапілася, што вельмі падкачала. Таму старайцеся пракачваць свае слабыя бакі!
Дарэчы, для падрыхтоўкі да іспыту я б не раіла затрымлівацца на прыкладаннях кшталту Duolingo: на мой погляд, яны больш карысныя, калі ты зусім не ведаеш мову, бо ў пэўны момант гэта пераўтвараецца ў кліканне і не прыносіць патрэбны вынік.
Астатнія часткі ўжо ішлі “па накатаннай”. На слуханні і гаварэнні трэба выкарыстоўваць тое, што засвоілі на чытанні. На слуханні трэба праслухаць, адказаць на пытанні, глядзець, дзе былі памылкі, і працаваць над імі. У гаварэнні мне дапамагло, што акром кніг, я глядзела шмат практычнага матэрыялу на ютуб.
Напрыклад я даведалася, што калі кажаш у мікрафон, трэба каб голас быў не рабатызаваным, нібыта ты чытаеш з паперкі, а звычайным, натуральным, бо інакш могуць не залічыць заданне ўвогуле. Пасля мне спадабаўся лайфхак запісваць сябе на дыктафон і транскрыбіраваць усё, што распавядаеш: пісаць у дакумент кожнае слова, якое вымаўляеш, і потым глядзець на структуру, граматыку, колькасць словаў. Такі варыянт вельмі дапамагае ўлезці ў часавыя межы і сказаць неабходную колькасць словаў. Таксама падчас адказаў варта ведаць уводныя словы і максімальна выкарыстоўваць слоўнікавы запас.
Датычна часткі напісання, вы павінны будзеце напісаць два тэксты. Адзін — па пэўным параграфе з падручніка ды невялічкай лекцыі на тую ж тэму, другі — эсэ на прапанаваную тэму. Структура тэкста мусіць будзе атрымацца вельмі падобнай да той, якая была ў частцы чытання. Таксама трэба максімальна паказаць свой слоўнікавы запас і слушнае выкарыстанне складанай граматыкі. Таксама вельмі важны сэнс і звязанасць самога тэксту.
Па часткам гарварэння і/ці напісання ўніверсітэты нярэдка запрошваюць бал “не меней, чым … ”. У маім выпадку гэта было не меней за 22 бала па напісанні. Я атрымала 23, але магла б і болей, калі б дольш рыхтавалася. У любым выпадку — абавязкова звяртайце ўвагу на такія абмежаванні ад свайго ўніверсітэта, каб ведаць не толькі агульную мэту ў 90+ балаў, але і такую разбіўку па секцыям. Дарэчы, пры самастойнай падрыхтоўцы я ў выніку атрымала 97 балаў з 120.
У чым перавага самастойнага навучання?
— Калі шчыра, я не ведаю, што робяць на курсах, бо самае галоўнае тут – набіць руку на заданнях, якія будуць на іспыту. Чым больш ты іх зробіш – тым больш будзеш імкнуцца на добрага выніку. Таму для мяне ідэальным варыянтам апынулася падрыхтавацца самастойна.
Да таго ж, гэта танней. Калі я праглядала курсы, яны каштавалі каля 500 даляраў за паўгода. За такі ж час я добра падрыхтавалася сама па бясплатных рэсурсах. Магчыма, выкладчык мог бы дапамагчы з часткай гаварэння ці напісання, каб атрымаць зваротную сувязь, але тут трэба адштурхвацца ад сваіх патрэбаў. Я зрабіла, пэўна, запісаў 200 са сваім гаварэннем – і гэта дапамагло мне не горш, чым заняткі з выкладчыкамі.
Як не згубіць матывацыю?
— Я не губляла матывацыю, бо разумела, навошта мне гэта патрэбна: TOEFL неабходны для падачы на любую англамоўную праграму. Я рыхтавалася раніцай: выдзяляла гадзінкі паўтары штодзень і цягам дня старалася паўтараць словы. Атрымлівалася недзе па дзве гадзіны ў дзень. У выходныя займалася па 5-6 гадзін. То-бок, я рыхтавалася недзе па 15 гадзін на тыдзень.
Калі адчувала сябе вельмі стомленай, рабіла сабе перапынкі на дзень, але ў мяне не было стабільнага “выходнага” ад ангельскай. Добра здаць іспыт дапамагае пастаянная падрыхтоўка і мэта. Калі ты не разумееш, навошта табе добры бал, ты не будзеш рыхтавацца.
Але я раю таксама сачыць за сваім здароўем. Хаця часта прыходзіцца выціскаць з сябе максімум – і толькі потым адпачываць, варта знайсці на гэта час. Калі я сдала іспыт, у мяне настолькі не было сілаў, што недзе месяц я проста адпачывала і не магла вучыць нешта новае на добрым узроўне.
Дарэчы, здаць TOEFL з Беларусі цяпер нельга, можна паехаць у іншую краіну і якраз сумясціць гэта з адпачынкам: змена абстаноўкі таксама дапамагае ў барацьбе са стрэсам, а іспыт — дакладна стрэс, нават калі вы ведаеце мову вельмі добра. Рыхтуйцеся і поспехаў!
Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.
Ліка Юр’ева