Стартап-кансультантка Вераніка Ліндарэнка: што рабіць перад запускам свайго праекта

Новы канспект лекцыі — цяпер з выступу сузаснавальніцы стартап-супольнасці ў Польшчы Ū hub Веранікі Ліндарэнка. Яна расказала пра свой досвед стварэння кам’юніці і падзялілася парадамі па гэтай тэме.

Вераніка Ліндарэнка. Арыгінал фота: OneSoil

Этапы стварэння праекта

Ідэя стварыць суполку стартапераў і стартаперак з’явілася не з паветра. У 2021 годзе Вераніка пераехала ў Варшаву і занялася праектам SwaPlants. Для стартапа яна шукала інфармацыю пра інвестыцыі і мясцовыя акселератары, што было складана. Так у яе з’явілася «унутраная матывацыя» — запыт на дапамогу ад больш дасведчаных людзей. Потым быў «штуршок звонку» ад знаёмага стартапера, які і прапанаваў зрабіць кам’юніці.

Далей беларуска вывучыла праблемы мэтавай аўдыторыі: размаўляла са знаёмымі, чытала артыкулы ды аналізавала рынак. Такім чынам яна вызначыла першую мэту супольнасці — знайсці аднадумцаў і абмеркаваць свае праблемы (напрыклад, пошук фінансавання).

Наступным этапам былі публічныя запыты. Вераніка больш дэталёва абмяркоўвала ідэю са стартаперамі і стартаперкамі, дасылала пытанні ў IT-суполкі і стварала апытанні. Яна атрымала шмат пазітыўнага фідбэку, ёй пачалі пісаць у асабістыя з запытам, як дадацца ў чат (якога яшчэ не было).


Чытай іншыя канспекты:


Вераніка вырашыла, што час надышоў. Яна стварыла чат, напісала пра сябе і праект, дадала знаёмых стартапераў і стартаперак. Таксама беларуска дамовілася з адмінамі чата Poland Business Harbour, каб тыя замацавалі яе абвестку пра новую суполку.

Апытанні — наша ўсё. Як развіваць праект 

Лагатып і назва U-hub з’явіліся толькі праз месяц, у той жа час адбылася і першая сустрэча суполкі. Для даследавання і развіцця кам’юніці Вераніка карыстаецца апытаннямі і размовамі падчас афлайн-сустрэч — яны даюць гору даных для апрацоўкі. Беларуска аб’ядноўвала праблемы і іх мэтавыя аўдыторыі, а далей генеравала ідэі, як задаволіць запыт.

Але як генерыраваць ідэі? У выпадку Веранікі адказам сталі ўдзел у хакатонах і конкурсах, натхненне праз кнігі і відэа ды размовы з новымі знаёмымі, калегамі і каляжанкамі. Беларуска рэкамендуе як крыніцы для пошуку ідэй TED Talks, кам’юніці Creative Mornings і аплікацыю Locals.

Як даведацца, чаго хоча твая аўдыторыя? Адных апытанняў у чаціках будзе недастаткова — для якасных даных патрэбныя глыбінныя інтэрв’ю, назіранні і іншыя навуковыя метады. Але ёсць опцыі і прасцей: пошук па адкрытых крыніцах, то бок сацапытанні, артыкулы ў медыя, папулярнасць запытаў па тваёй тэме ў Google Trends. Таксама паспрабуй знайсці некалькіх экспертаў і экспертак па тэме, якія скажуць, дзе і што шукаць.

Вераніка Ліндарэнка. Фота: EMERGE

Для структураванага апісання твайго праекта паспрабуй методыку Lean Canvas — табліцу з як мінімум дзевяці пытанняў для планавання прадукту. Нават калі ў цябе некамерцыйны прадукт, гэтая табліца дапаможа зрабіць крок назад і ўбачыць усю карціну — што ў цябе ёсць і чаго табе не хапае. Шаблон методыкі можна захаваць па спасылцы, таксама ён ёсць у сэрвісе для каманднай працы Miro ды ў аплікацыі Notion.

Для апытанняў Вераніка рэкамендуе сэрвісы Google Forms і Typeform, для размеркавання задачаў — Trello ды Notion, а для дызайну — Canva. Просты сайт праекта можна таксама зрабіць у Notion.

Як не нарабіць памылак: парады ад Веранікі

  1. Не пачынай рабіць праект, пакуль не зрабіў ці зрабіла даследаванне мэтавай аўдыторыі.
  2. Знайдзі ўнутраную матывацыю: без яе ты наўрад ці пойдзеш наперад, бо спачатку грошаў будзе мала. Адкажы на пытанне, навошта вам гэта.
  3. Не спяшайся з рашэннямі.
  4. Будзь рэалістычным ці рэалістычнай.
  5. Карыстайся гатовымі інструментамі для камандай працы.
  6. Дамаўляйся з калегамі і каляжанкамі «на беразе».

Калі ўсё ж памылкі адбыліся (і гэта нармальна!), адрэфлексуйце іх: зрабіце чэк-лісты, прапішыце працэсы, пераўтварыце памылку ў жарт. І ідзіце далей, бо ў вас усё атрымаецца.

Цікавіць тэма менеджмента праектаў? Падпісвайся на нашыя сацсеткі (Telegram, Instagram), каб не прапусціць, калі з’явіцца магчымасць па тэме. І паглядвай на наш каталог магчымасцяў, мы яго рэгулярна абнаўляем.