Пакуль у свеце абмяркоўваюць серыял «Палавая асвета», беларусы і беларускі ладзяць свае імпрэзы на гэтую тэму. Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА ужо чацвёрты год запар ладзіць праграму Dance4life – праект, які дапамагае простымі метадамі тлумачыць падлеткам няпростыя тэмы.
Куратар Dance4Life у Беларусі Аляксандр Аляксееў.
Dance4Life («Танчы дзеля жыцця») — гэта міжнародны праект, накіраваны на прасоўванне здаровага ладу жыцця сярод моладзі, захаванне і ўмацаванне рэпрадуктыўнага здароўя, прафілактыку ВІЧ-інфекцыі і іншых сацыяльна значных захворванняў. Таксама ў межах праекту раскрываецца асабісты патэнцыял маладых людзей. Dance4Life дзейнічае ў 17 краінах свету і накіраваны на падлеткаў і маладых людзей 14-24 гадоў.
Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
— Гэты праект прыдумалі два галандцы, якія падарожнічалі па Афрыцы, — распавядае куратар Dance4Life у Беларусі Аляксандр Аляксееў. — Яны здзівіліся вялікай колькасці сацыяльных праблемаў – у тым ліку, хуткаму распаўсюду ВІЧ-інфекцыі і неабазнанасці людзей пра яе. Таму вырашылі зрабіць мерапрыемства, якое паляпшае абазнанасць падлеткаў у тэме палавога здароўя і рэпрадуктыўнага паспявання.
Нягледзячы на такую назву, падлеткі, што бяруць удзел у праекце, не проста “танчаць дзеля жыцця”. Танец – хутчэй адзін са сродкаў імпрэзаў, якія ладзяць у межах праекту, мова, якая зразумелая ўсім.
Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
Сярод моладзі ў Беларусі адбіраюць 20-25 чалавек, якія тыдзень навучаюцца ў сертыфікаваных экспертаў і экспертак і робяцца трэнерамі і трэнеркамі, якія могуць ладзіць Падарожжы – дзесяць ўзаемадапаўняльных трэнінгаў па паўтары гадзіны. Сутнасць у тым, што ў сваіх школах і іншых установах яны ладзяць сярод сваіх аднагодкаў серыю ролевых гульняў і практыкаванняў, звязаных з жыццём падлеткаў, рэкамендуюць ім надзейныя крыніцы інфармацыі, прапануюць сумесна прыдумляць розныя цікавосткі.
Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
— Мы навучаем людзей, каб яны прасоўвалі каштоўнасці праекту, — распавядае Аляксандр. — Таму мы вельмі грунтоўна падыходзім да адбору будучых Чэмпіёнаў: вывучаем анкеты матывацыі, разглядаем відэа-візітоўкі, праводзім суразмоўе. Нам важна разумець, што людзі, якія дасылаюць заяўкі на навучанне, сапраўды бачаць партнёрства, якое карыснае абодвум бакам, а не проста прыязджаюць патусіць сярод лідараў і лідарак.
— Таму калі нехта зацікавіцца і будзе падавацца на наступны набор, я раіў бы падрабязна адказваць на пытанні анкет. Калі мы бачым, што ў заяўцы падкрэслена жаданне чалавека прасоўваць каштоўнасці праекту далей, ёсць высокая верагоднасць, што ён трапіць у праект. Так мы разумеем, што ўкладзеныя ў Чэмпіёнаў веды не будуць згубленыя, а выкарыстаюцца ў будучыні.
Падаць заяўку на курс «Падарожжа4Life» у Менску
Акцэнт падчас Падарожжаў робіцца не на аднаразовых імпрэзах, а на фармаванні ўстойлівых навыкаў па пэўных тэмах. Часцей за ўсё яны датычацца рэпрадуктыўнага здароўя, палавога саспявання, прафілактыкі ВІЧ і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, аднак яны могуць трансфармавацца праз актуальныя запыты. Напрыклад, нядаўна на Падарожжах разглядалі тэмы булінгу і аб’юзу. Акром фізіялагічных тэмаў, практыкаванні развіваюць софт-скілы і навучаюць эфектыўнай камунікацыі, актыўнаму слуханню, азам канфлікталогіі.
Аляксандр Аляксееў. Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
— Зразумела, першапачаткова ў рабят і дзяўчат бывае скепсіс, — кажа Аляксандр. — Напрыклад, зразумелая першая эмацыйная рэакцыя людзей, калі трэба абвесці сілуэт хлопчыка і дзяўчынкі з каманды і вымаляваць на ім працэс палавога паспявання на псіхалагічным і фізічным узроўні. Бывае сарамлівасць, смяшкі, калі трэба, напрыклад, намаляваць валасы падпахай. Але ў гэтым перавага сістэмы “роўны навучае роўнага”: падрыхтаваныя Чэмпіёны спакойна тлумачаць усё сваім аднагодкам, даносяць інфармацыю медыцынскай мовай. Дарэчы, усе тэмы, што мы разглядаем, беларускія медыкі адаптавалі менавіта пад нашую краіну. Шмат высілкаў таксама прыкладаецца, каб стварыць атмасферу даверу, у якой усе гэтыя тэмы можна спакойна абмеркаваць.
Тыя, хто прайшлі Падарожжа, трапляюць у закрыты канал людзей Руху, дзе можна знайсці дадатковыя актыўнасці ці самім выступіць з ініцыятывай: рэалізаваць яе дапаможа кам’юніці. Напрыклад, Чэмпіёны трэці год запар ладзяць “Camp4life” – трохдзённы намётавы летнік на Іслачы. Падчас імпрэзы ўдзельнікі і ўдзельніцы не толькі вывучаюць тэмы экалогіі і здароўя, але набываюць іншыя карысныя навыкі: напрыклад, вучацца распальваць вогнішча ці ставіць намёт.
Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
Таксама сумесна з ЮНІСЭФ Чэмпіёны запусцілі моладзевую платформу ў Дыскорт – UNREALITY. Гэта дазваляе ладзіць актыўнасці анлайн – так ужо прайшлі дэбаты па МУР, клуб ангельскай мовы, гульня “Мафія”, вэбінар па мемах.
Кам’юніці такіх імпрэзаў у асноўным фармуецца праз 53 Клубы ЮНЭСКА, якія цяпер існуюць у 15 гарадах Беларусі на базе розных устаноў: школ, гімназій, каледжаў, дамоў творчасці і нават паліклінік. Кожны клуб налічвае 15-20 удзельнікаў і ўдзельніц – такім чынам, кам’юніці ўжо складае больш за тысячу чалавек.
Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА – грамадская арганізацыя, створаная ў Беларусі ў 1989 годзе на базе «Клубаў інтэрнацыянальнага сяброўства». Клубы не з’яўляюцца часткай ЮНЭСКА. Але арганізацыя дазволіла выкарыстоўваць сваю назву Клубам, бо яны адпавядаюць іх мэтам і ідэалам. Беларуская асацыяцыя ёсць часткай сусветнай сеткі Клубаў. Каля 70 адсоткаў яе сяброў – школьнікі і школьніцы, але таксама функцыянуе нават Клуб сталых людзей.
На базе Клубаў па ўсёй Беларусі ладзяцца імпрэзы. Некаторыя з іх ініцыюе кожны асобны Клуб сваімі сіламі: напрыклад, трэнінгі, экспедыцыі ў межах школы, гімназіі. Іншыя робіць сакратарыят, які базуецца ў Менску. Раз на год тут ладзяцца зімовыя і летнія ўніверсітэты, акадэміі, вялікія форумы і фестывалі, куды прыязджаюць дэлегаты з усіх 53 Клубаў па краіне, каб абмяняцца досведам.
Пабудаваць кар’еру з Клубамі
Сябра кіравання Клубаў ЮНЭСКА у Беларусі, кіраўнік моладзевых праектаў, каардынатар Dance4life у Беларусі, куратар моладзевай прасторы Unreality, эксперт па софтскілз Аляксандр Аляксееў сам прыйшоў у Клубы яшчэ школьнікам – больш за дзесяць гадоў таму. Удзельнічаў у фестывалях, розных імпрэзах, нават калі ўжо паступіў на будаўнічы факультэт БНТУ. Пасля размеркавання трапіў у Палац дзяцей і моладзі, дзе стаў каардынатарам рэсурснага цэнтру «Ступені», які ў той час стварылі ЮНІСЭФ. Праз два гады стаў працаваць з рознымі арганізацыямі як прадпрымальнік: Клубамі ЮНЭСКА, агенцыямі ААН, Лігай дабраахвотнай працы, Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам.
Аляксандр Аляксееў. Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
— Калі я яшчэ студэнтам з’язджаў на нейкі цікавы праект, было сумна вяртацца ў рэальнасць будфаку, — усміхаецца ён. — Таму я падумаў – а чаму б не зрабіць усё сваё жыццё адным вялікім праектам? Мне падабаецца такая дзейнасць, я ні дня не працаваў па спецыяльнасці. Магчыма, калі б я са студэнцтва пастаянна круціўся ў сферы культуры, выгарэў бы мацней, але так у мяне ёсць прыгнятальны бэкграўнд: пяць год будфаку. За гэты кошт я магу больш цаніць іншы досвед.
— Нажаль, грамадская дзейнасць у Беларусі з цяжкасцю можа закрыць першасныя патрэбы па пірамідзе Маслоу, але добра закрывае верхнія ступені. Я адчуваю самарэалізацыю, калі атрымліваю водгукі на сваю дзейнасць ад падлеткаў, якія кажуць, як я змяняю іх жыццё ў лепшы бок. Гэта натхняе і дазваляе працягваць дзейнасць. Таму я хацеў бы пазычыць падлеткам спрабаваць і самарэалізоўвацца.
— Мой досвед паказвае, што адукацыя – гэта не крыж, які ты мусіш несці на сабе ўсё жыццё. Шукайце магчымасці, прымайце ўдзел у розных мерапрыемствах і самае галоўнае – будзьце ініцыятыўнымі. Гэта асноўная якасць для любога неабыякавага чалавека.
Фота: старонка ВК Dance4Life Беларусь
Тэкст: Ліка Юр‘ева
Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.