Мяне завуць Вера, і я жыву ў Польшчы сваё найлепшае студэнцкае жыццё. Цяпер я вучуся на трэцім курсе міжнароднай культуралогіі ў Ягелонскім Універсітэце. Гэта вельмі шматпалярная спецыяльнасць, якую выбіраюць як тыя, хто хоча сфакусавацца на адной краіне ці этнічнай групе, так і тыя, каго цікавіць культура агулам.
Навошта мне японская мова і дзе я яе знайшла?
У мінулым летнім семестры Ягелонскі ўніверсітэт прапанаваў студэнтам і студэнткам майго года бясплатна запісацца на інтэнсіўны курс японскай мовы. Я вырашыла скарыстацца магчымасцю — тым больш, што людзям, якія скончылі ўніверсітэцкія моўныя курсы, аддаюць перавагу пры размеркаванні квот на праграмы абмену і замежныя практыкі. Некалькі маіх аднагрупніц дзякуючы такім заняткам паспяхова вучыліся па абмене ў Tokyo Gakugei University (Такійскі ўніверсітэт вольных мастацтваў).
Выкладала ў нас прафесарка з факультэта Міжнародных адносін і палітычных навук, якая шмат гадоў прапрацавала ў Японіі, і магістрантка Ягелонскага ўніверсітэта, якая прыехала з Японіі па абмене. Кожны тыдзень мы тры гадзіны займаліся размоўнай японскай мовай з носьбіткай і яшчэ тры гадзіны вывучалі граматыку.
Замежныя мовы ў прынцыпе даюцца мне лёгка: у 22 гады я здала англійскую на С1 (IELTS 8.0) і польскую на дзяржаўны сертыфікат С2, ведаю праславянскую (што вельмі дапамагае ў вывучэнні любой славянскай мовы, канкрэтна цяпер — сербскай) і латынь (дзякуючы якой даволі хутка асвоіла нямецкую). Японскую абрала хутчэй з цікавасці і асабістага чэленджа, таму што ніколі не спрабавала вучыць мовы з зусім іншым «нутром».
Дадатковыя складанасці — пра грымлівую сумесь з чатырох моў
Варта адзначыць, што мне было куды складаней, чым усім астатнім удзельнікам і ўдзельніцам курса. Заняткі па размоўнай японскай праводзіліся на англійскай, і на іх мы былі прыкладна ў роўнай сітуацыі: ні для каго з групы англійская роднай мовай не была. Але калі мы прыходзілі займацца граматыкай, мне даводзілася рабіць куды больш працы, таму што яе тлумачылі на польскай. І калі ў звычайным жыцці на польскай я размаўляю бегла, то пасля трох гадзін з перакладамі туды-назад з абсалютна новай для мяне мовы было даволі складана. Працаваць над хатнім заданнем я абірала ў фармаце японская-англійская — так дасяжна куды больш матэрыялаў. Дарэчы, хатняга задавалі сапраўды шмат, але яно таго каштавала.
Дык як жа вучыць японскую і не з’ехаць з глузду?
Завядзі звычку медытаваць над іерогліфамі
Любы чалавек, які вучыў японскую, дакладна скажа табе, што давядзецца шмат пісаць, асабліва на самым пачатку. Нягледзячы на тое, што існуюць супер-зручныя клавіятуры са складовым наборам (Romaji), вывучэнне хіраганы, катаканы (складавых алфавітаў) і кандзі (ідэаграмаў, якія азначаюць пэўныя паняцці) будзе нашмат лягчэй, калі ты выпрацуеш цягліцавую памяць.
Пасля кожнага занятку ва ўніверсітэце я садзілася за стол, уключала спакойную музыку і выпісвала іерогліфы. Гэта можна рабіць дзе заўгодна — у цягніку, у кавярні або паміж заняткамі ва ўніверсітэце, галоўнае — выпрацаваць руціну і практыкавацца кожны дзень. Для мяне гэта было выспачкай спакою і магчымасцю сістэматызаваць думкі пасля інтэнсіўных лекцый.
Цікток — твой сябар і дапаможнік
Я ўпэўнена, што калі правільна наладзіць цікток, ён дапаможа ў вывучэнні ўвогуле чаго заўгодна, і гэта таксама тычыцца японскай. Мае любімыя акаўнты з парадамі па граматыцы і лексіцы — @sukiasensei, @takashiifromjapan і @kozysensei_japanese. А яшчэ я імкнуся спажываць больш кантэнту на японскай мове, і асабліва раю @tyo.media, якія спецыялізуюцца на такійскай вулічнай модзе. Нават нягледзячы на тое, што першапачаткова мой узровень быў дастаткова нізкім, я старалася слухаць іх кароткія інтэрв’ю і «адлоўліваць» знаёмыя граматычныя канструкцыі і словы. Гэта вельмі дапамагае з аўдзіраваннем і правільнай пабудовай фразы на японскай.
Забудзься на аб’юзіўную зялёную саву
Калі можна знайсці ў свеце галоўнага хейтэра Duolingo, то гэта відавочна буду я. Плюс, пры высокай інтэнсіўнасці заняткаў курсы, якія прапануе дадатак, будуць толькі ўносіць хаос.
Калі казаць пра прыкладанні для падрыхтоўкі, мне больш за ўсё падыходзіць Quizlet: спачатку ты складаеш індывідуальныя наборы і запамінаеш матэрыял у першы раз, а затым паўтараеш яго, пакуль не запомніш усё. Калі ў цябе ёсць крыху грошай, вельмі раю інвеставаць у Quizlet Plus, таму што ў ім ёсць функцыя spaced repetition (навукова пацверджана, што яна дапамагае засвойваць матэрыял лепш).
Калі ў вас няма дастатковай колькасці часу, у Quizlet можна знайсці ўжо гатовыя наборы картак на кожную лекцыю Genki — самага распаўсюджанага падручніка па японскай.
Чытай лёгкія навіны
Спецыяльна для пачаткоўцаў і пачатковак у нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Японіі ёсць партал News Web Easy. На ім галоўныя навіны краіны напісаныя простай мовай, а над усімі кандзі ёсць іх «расшыфроўка» ў хірагане, каб аблегчыць чытанне. Гэта дапамагае выйсці за рамкі тэкстаў у падручніку і лішні раз папрактыкаваць успрыманне на слых — любая навіна на партале ёсць у аўдыёфармаце.
Атачы сябе кандзі
Гэтая рада падыдзе людзям, якія, як і я, маюць добрую візуальную памяць. Пасля кожнага ўрока я рабіла 10-20 картак з нядаўна вывучанымі кандзі і развешвала іх над працоўным сталом, каб яны заўсёды знаходзіліся ў полі майго зроку. Потым з прысутных за час вучобы картак можна рабіць набор для паўтарэння перад іспытам (ці іншай важнай падзеяй).
Практыкуйся сістэматычна
Калі ты вырашаеш паўтарыць дзеясловы, складзі табліцу з усімі вядомымі табе формамі і распішы кожны дзеяслоў. Для мяне такі від руціны — найбольш прымальны, таму што ў галаве выбудоўваецца сістэма, з якой потым лягчэй працаваць.
Па магчымасці ўдзельнічай у дадатковых актыўнасцях на мове, якую ты вывучаеш
Каб падрыхтаваць нас да іспыту, выкладчыцы арганізавалі для групы сустрэчу з японскімі студэнтамі і студэнткамі, якія прыехалі ў Кракаў па абмене. Мы правялі для іх экскурсію па горадзе на японскай і разам схадзілі на майстар-класы па каліграфіі (і я з гонарам магу сказаць, што ўсё зладзіліся вельмі нядрэнна, мы хутка наладзілі канэкт). Жывыя зносіны з носьбітамі мовы дзе заўгодна акрамя класа — выдатны стрэс-тэст і праверка кампетэнцый.
А яшчэ я падпісалася на шмат японскіх акаўнтаў, якія посцяць у твітары фатаграфіі з заапаркаў з нейкімі кароткімі каментарамі, і старалася чытаць іх без дапамогі перакладчыка (а часам нават адказваць). Маім прыярытэтам было дадаць японскую ва ўсе сферы жыцця, каб усё вакол увесь час нагадвала мне аб неабходнасці практыкавацца.
Што ў мяне атрымалася ў выніку?
У ліпені мінулага года я паспяхова здала JLPT на ўзровень N2, які дазваляе ўдзельнічаць у абменных праграмах ад Ягелонскага ўніверсітэта. Цяпер у рамках падтрымання ўзроўня мовы я хаджу на размоўныя клубы, арганізаваныя студэнтамі майго факультэта.
А яшчэ ўлетку я прайшла ўнутрыуніверсітэцкі адбор і выйграла магчымасць паехаць у Японію па абмене, але як я яе атрымала і чаму ў выніку адмовілася — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Вера Моніна