ETH Zurich

ETH Zurich — адзін з вядучых універсітэтаў навукі і тэхнікі ў свеце, вядомы сваімі даследаваннямі і інавацыямі. Праз паўтара стагоддзя пасля заснавання ўніверсітэт налічвае сярод выпускнікоў і выпускніц 22 лаўрэатаў і лаўрэатак Нобелеўскай прэміі, двух лаўрэатаў Філдса, трох лаўрэатаў Прытцкераўскай прэміі і аднаго лаўрэата прэміі Цьюрынга, у тым ліку самога Альберта Эйнштэйна.

Адзін з кампусаў універсітэта. Арыгінал фота: ethz.ch

На ангельскай мове ўніверсітэт афіцыйна называецца Швейцарскі федэральны тэхналагічны інстытут Цюрыха. Тут ёсць 16 кафедраў, якія прапануюць акадэмічную адукацыю і праводзяць навуковыя даследаванні па розных прадметах, пачынаючы ад тэхнікі і архітэктуры і заканчваючы хіміяй і фізікай.

Адукацыя ў ETH Zurich спалучае тэорыю з практычным прымяненнем, і большасць праграм атрымання ступені грунтуюцца на матэматычнай аснове. Для студэнтаў асноўнай мовай выкладання з’яўляецца нямецкая, у той час як большасць магістарскіх праграм і дактарантуры — на ангельскай.

ETH займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу універсітэтаў QS 2024.

Паступленне і навучанне

У агульным прымаюць з TOEFL 100+ і IELTS 7+. Дарэчы, па спасылцы мы тлумачым розніцу паміж гэтымі іспытамі.

Паступленне і навучанне ва ўніверсітэце залежаць ад канкрэтнай праграмы. Структура адукацыйных праграм адпавядае міжнародным стандартам: трохгадовыя праграмы бакалаўрыяту. За праграмамі бакалаўрыяту (180 крэдытаў ECTS) ідуць праграмы магістратуры працягласцю 18 месяцаў або два гады (90–120 крэдытаў ECTS). Атрыманне доктарскай ступені займае ў сярэднім тры-чатыры гады пасля атрымання ступені магістра.

Напрыклад, у магістратуры існуюць паслядоўныя і спецыялізаваныя праграмы. Па сваім змесце паслядоўныя магістарскія праграмы з’яўляюцца працягам адпаведнай бакалаўрскай праграмы. Для кожнай праграмы бакалаўра ўніверсітэт прапануе як мінімум адну магістарскую праграму запар. Спецыялізаваныя праграмы магістратуры разглядаюць адну канкрэтную тэму, якая выкладаецца з міждысцыплінарнай і міжнароднай пунктаў гледжання. На сайце падрабязна апісаныя ўсе магчымасці, зразумець патрабаванні для паступлення можна ў такога кшталту дакументах.

Фінансавыя ўмовы

Плата за навучанне залежыць ад праграм, але ў сярэднім складае 1460 швейцарскіх франкаў за год. Падрабязна пра ўсе выплаты можна паглядзець тут. Паводле ацэнак, штогод студэнты выдаткоўваюць ад 16 000 да 26 000 швейцарскіх франкаў на навучанне і пражыванне.

ETH Zurich падтрымлівае выдатных студэнтаў і студэнтак, якія жадаюць атрымаць ступень магістра ў ETH, дзвюма стыпендыяльнымі праграмамі.

Пражыванне

З-за надзвычай жорсткага рынку жылля ў Цюрыху пажадана шукаць рана і рознымі спосабамі. Па магчымасці варта прыехаць у Цюрых загадзя на некалькі дзён для пошуку на месцы. 

Ёсць невялікая колькасць пакояў для замежных студэнтаў магістратуры (MSc) са стыпендыяй Excellence Scholarship, а таксама для замежных студэнтаў, якія навучаюцца на праграмах Direct Doctorate/Joint Master’s, якія адпавядаюць пэўным умовам — падрабязнасці глядзі па спасылцы.

Студэнцкі інтэрнат. Фота: René Dürr

> Афіцыйны сайт ETH Zurich

Ты ведаеш кагосьці, хто вучыўся ці цяпер вучыцца ў ETH Zurich? Калі ласка, напішы нам на пошту adukacyja@gmail.com і дапамажы звязацца з гэтым чалавекам, каб мы маглі расказаць пра яго ці яе досвед вучобы там.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.