Вучым мову самастойна. Частка першая: разумець на слых

Калісьці для «Адукацыя.інфа» Марыя Кірава падрыхтавала матэрыялы, якія распавядаюць, як крок за крокам самастойна вучыць мову. Гэта ніколі не губляе актуальнасці, таму мы вырашылі нагадаць табе пра іх — ужо на старонках adu.place. Будзе карысна!

Я правяла лета, рупліва паляпшаючы стан сваёй французскай. Як дыпламаваная выкладчыца (с), я вырашыла падыйсці да справы сістэмна і вырашаць кожную праблему дасканала. Як вынік – валоданне мовай істотна палепшылася, хаця ў першапачатковым падыходзе было нямала хібаў.

Я вырашыла падзяліцца сваім досведам, каб наступныя пакаленні не наступалі на тыя ж граблі, што і я, і змаглі рабіць усё слушна ад самага пачатку. Новая рубрыка будзе асабліва карыснай тым, хто ўжо крыху валодае мовай і хоча эфектыўна палепшыць свой узровень.

Распачнем яе з разумення на слых, ці аўдыравання.

Разуменне на слых

У маім выпадку ўзровень валодання мовай быў ужо дастаткова высокі, але больш-менш складаныя ці спецыялізаваныя тэксты ніяк не хацелі ўспрымацца на слых. Нават знаёмыя словы не адразу апазнаваліся ў хуткай плыні гукаў, большасць з каторых злівалася ў нешта невыразнае.

Што рабіць? Сумяшчаць прыемнае з карысным, каб не толькі вывучаць нешта новае, але і зрабіць гэты працэс цікавейшым. Я раю для гэтага тэматычныя падкасты ці, што лепей, серыялы. Яны вельмі карысныя з шматлікіх нагодаў:

  1. Сюжэт разгортваецца крок за крокам, таму, нават калі штосьці недачуецца/не зразумеецца, можна потым нагнаць гэта крыху пазней, зыходзячы з кантэксту. Дарэчы, так нават лепей запомніцца, чым калі адразу шукаць у слоўніку.
  2. Шматлікія выразы паўтараюцца дастаткова часта, каб добра запомніць іх і сітуацыі, у якіх яны выкарыстоўваюцца, а таксама граматычныя паказчыкі. „Vous êtes en garde à vue à partir de 8 heures“ – не толькі слова «затрыманне», але і прыназоўнік, і нават канструкцыя «з васьмі гадзін», што спатрэбіцца і ў іншым кантэксце. Для пачатку, аднак, трэба некалькі разоў пачуць гэты выраз.
  3. З цягам часу асяроддзе робіцца знаёмым і даволі прадказальным, таму незнаёмых элементаў робіцца ўсё менш, а пасіўныя веды пераходзяць у актыўныя (гл. папярэдні пункт).
  4. Добра ахопліваецца нейкая тэма (гісторыя, юрыспрудэнцыя ці нешта іншае).
  5. Моўнага матэрыялу хопіць надоўга, і гэтага часу павінна выстачыць, каб палепшыць разуменне да  добрага ўзроўню і толькі пасля пераходзіць на складаныя тэксты без дадатковай падрыхтоўкі.

Чытай па тэме:


І вось, цікавыя серыялы знайшліся, але ўзнікла пытанне, што з імі рабіць і як менавіта іх выкарыстоўваць для навучання. Не буду прыводзіць тут гісторыю шматлікіх спроб, а абмяжуюся высновамі з іх.

Варыянт 1: Прагляд з субтытрамі на роднай мове

Можа быць карысным для пачаткоўцаў, калі занадта шмат незнаёмых слоў. Але ж ёсць і спакуса проста чытаць субтытры, а не напружвацца, спрабуючы пачуць нешта знаёмае і суаднесці незнаёмае з перакладам, што далёка не заўсёды дапамагае. На больш прасунутым узроўні карысць гэтага метаду амаль нулявая.

Варыянт 2: Прагляд з субтытрамі на мове арыгіналу

Вельмі няблага, асабліва калі ёсць цяжкасці з арфаграфіяй. Вельмі добра вучыцца суадносіць вымаўленне і напісанне. Ды і вымаўленне незнаёмых слоў можна натрэніраваць. Але што рабіць, калі не ведаеш пераклад таго ці іншага слова? Глядзець серыял далей! Калі яно азначае нешта прынцыпова важнае, яго паўтораць яшчэ не раз у іншым кантэксце, і ўжо тады можна будзе зразумець значэнне.

Калі ж не – выпішыце сабе гэтае слова, а потом паглядзіце ў слоўніку. Ці адразу, калі занадта хочацца. Але ўсё ж лепей пасля, каб не губляць увагу і наблізіць моўную сітуацыю да рэальнай (ну не будзеце ж вы ў размове з кімсьці ліхаманкава гугліць невядомае слова?).

Варыянт 3: Прагляд з субтытрамі на іншай мове

Практыкавацца адразу ў дзьвюх мовах – што можа быць лепей? Канешне, узровень валодання імі павінен быць дастаткова высокі, каб не губляць час на пошук перакладу, а адразу запамінаць словы і выразы. Нават калі штосьці і не будзе зразумелым, другая мова «прыйдзе на дапамогу». Але ж цяжкасці могуць узнікнуць з правапісам слова ў мове арыгіналу. Ды і трэба яшчэ суаднесці пачутае з напісаным, што не заўсёды будзе літаральна адпавядаць адно адному. Таму ў гэтым выпадку, канешне, лепей выпісваць на слых тыя словы і выразы, у напісанні якіх вы не вельмі ўпэўненыя, і правяраць іх па слоўніку.

Адзінае, дзе метад дзьвюх моў не спрацуе, – спецыяльная лексіка, дзе ніяк не абыйсціся без адпаведнікаў у роднай мове. Асабліва актуальна для перакладчыкаў, бо, як ужо было некалі сказана, роднай мове трэба прысвячаць не менш часу, чым замежнай.

Варыянт 4: Прагляд без субтытраў

Лепш за ўсё спрацуе на высокім узроўні валодання мовай. З незнаёмымі словамі трэба абыходзіцца так, як і ў папярэдніх пунктах. Прынцыповая розніца ў тым, што ніякай вонкавай дапамогі ўжо не будзе, то бок сітуацыя будзе максімальна набліжанай да сапраўднага жыцця. Гэта найбольш складаны метад, але і асалода ад разумення пачутага ні з чым не параўнальная!

Чаго лепш не рабіць?

  1. Паўтараць адзін і той жа фрагмент сто разоў, не прагледзеўшы серыю да канца. Можа, нейкія асобныя рэчы і высветляцца, але агульная цікавасць да навучання непазбежна пачне знікаць, а разам з ёй і ўвага.

    Лепш: Спачатку паспрабаваць зразумець значэнне напрацягу серыі, і толькі калі засталіся пытанні, наноў прагледзець асобныя ўрыўкі.
  2. Спыняць відэа кожны раз, як сустрэнецца незнаёмае слова. Тое самае, што і папярэдні пункт. Ды і ў сапраўдным жыцці наўрад ці будзе час і мажлівасць спыніцца.

    Лепш: Выпісваць на слых, але глядзець далей. Вельмі верагодна, што значэнне слова высветліцца ў працэсе прагляду.
  3. Здавацца праз некалі хвілін, калі ўвогуле нічога не атрымалася зразумець. Гэта нармальна. Спачатку трэба прызвычаіцца да іншамоўнага асяроддзя, а колькі часу на гэта спатрэбіцца – вельмі індывідуальна, таму не трэба раўняцца на іншых.

    Лепш: Расслабіцца і глядзець далей. Не атрымаецца сёння – атрымаецца заўтра. Мне нават спатрэбілася некалькі сезонаў, каб у рэшце рэшт наблізіцца да поўнага разумення амаль усяго, што чую. Але ж вынік варты таго!

На гэтым скончваецца першая частка аповяду пра мае адукацыйныя вакацыі. Хутка будзе і працяг. Поспехаў і да сустрэчы на старонках adu.place!


Марыя Кірава