Як бясплатна павучыцца ў ЗША і Брытаніі: досвед Дар’і Кракавяк

Дар’я Кракавяк — мэнэджарка па брэнду і камунікацыях, якая ўдзельнічала ў шматлікіх адукацыйных праграмах. Яна распавяла adu.place пра дзве з іх, якія аказалі вялікі ўплыў на яе жыццё: адна з іх адбылася ў 2016 годзе ў ЗША, другая — дагэтуль працягваецца ў Брытаніі.

Дар’я Кракавяк. Фота: асабісты архіў гераіні

ЗША, 2016 год

На амерыканскую праграму для студэнцкіх лідараў і лідарак з Еўропы Study of the U.S. Institute on Civic Engagement for Student Leaders Дар’я трапіла ў 2016 годзе. Праграма мае мэтай распавесці ўдзельнікам і ўдзельніцам пра гісторыю і сучаснасць ЗША пад пэўным фокусам кірунка, які ты абіраеш для вывучэння. Гэта можа быць праграма пра грамадзянскі актывізм, ахову наваколля ці сацыяльнае прадпрымальніцтва. Грамадзянскі актывізм ладзілі на базе University of South Carolina.   

Фота: асабісты архіў гераіні

Адабраныя ўдзельнікі і ўдзельніцы паўтара месяца знаходзяцца ў ЗША, дзе знаёмяцца з тым, як пабудаваная дзейнасць амерыканскага грамадства ў цікавай ім сферы і як людзі могуць на яе ўплываць. Навучанне было зладжана на базе ўніверсітэту Паўднёвай Караліны і будавалася на досведзе грамадскіх ініцыятыў. У буднія каардынатары праграмы ад універсітэта і запрошаныя спікеры і спікеркі з амерыканскіх НДА чыталі лекцыі і ладзілі майстаркласы, а на выходныя арганізоўвалі больш прыктычна-арыентаваныя паездкі ў мясцовыя захады.

Напрыканцы навучання ўсе тры плыні студэнтаў і студэнтак аб’ядналі ў Вашынгтоне, дзе яны цягам тыдня маглі камунікаваць з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі і арганізатарамі праграмы – Дзяржаўным Дэпартаментам ЗША. Яны распавядалі ўжо больш на федэральным узроўні аб тым, як амерыканскае грамадства і арганізацыі ўплываюць на жыццё дзяржавы, якія для гэтага ёсць механізмы і г.д.

Цягам праграмы ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы працавалі над уласнымі праектамі і прэзентавалі іх у Вашынгтоне. Была магчымасць атрымаць на іх фінансаванне. Галоўнай умовай было, каб у адным праекце удзел бралі людзі з розных краінаў, бо арганізатары мелі мэтай прасоўваць міжнародныя праекты ўнутры Еўропы. 

Фота: асабісты архіў гераіні

Каб прайсці на праграму, трэба было запоўніць стандартную форму з асабістымі звесткамі, далучыць рэкаменацыйны і матывацыйны лісты.

—  У матывацыях заўсёды працуе асабістая гісторыя, — дзеліцца Дар’я. — Важна не проста храналагічна пералічыць падзеі твайго жыцця, а звязаць іх у гісторыю. Яна мусіць паказваць, што робячы любы выбар у жыцці, ты заўсёды трымаў у галаве пэўную мэту, якая цяпер суадносіцца з праграмай, куды ты падаешся. Важна, каб у таго, хто ацэньвае заяўку, не ўзнікала сумневаў, што цягам жыцця ты рабіў што мог па тэме, і наступны лагічны крок у гэтым — менавіта ўдзел у праграме.

— Што тычыцца рэкамендацыйнага ліста, я б раіла разглядаць яго як магчымасць далей больш шырока раскрыць сваю асобу, даразвіць той сторытэлінг, які ты пачынаеш у матывацыі. Заўсёды лепш напісаць пэўны чарнавік ліста і даслаць яго тым, у каго ты просіш рэкамендацыю, бо, гэта патрабуе значна меньш часу з іх боку і ты значна лепш разумееш кантэкст і чаго хочаш дамагчыся. Напрыклад, ва ўніверсітэце я перамагла ў алімпіядзе па бізнес-ангельскай, таму па рэкамендацыйны ліст напісала кіраўніку кафедры дзелавой ангельскай, каб ад яго імя падкрэсліць яшчэ і гэтае сваё дасягненне і добрае валоданне мовай. 


У тэму:


Калі чалавек праходзіць далей, яго запрашаюць на суразмоўе. Адабраным удзельнікам і ўдзельніцам арганізатары аплочваюць дарогу, пражыванне, суткавыя на харчаванне, а таксама забяспечваюць візавую падтрымку. Сярод іншага, ты падпісваеш паперы, што пасля праграмы не пераедзеш у ЗША мінімум два гады.

Фота: асабісты архіў гераіні

— Гэта трапная ўмова, — кажа Дар’я. — Бо спачатку цябе накрывае эмацыйным “ваў” праз тую колькасць магчымасцяў, якую ты бачыш. Плюс сціраецца моўны бар’ер і падаецца, што пераехаць і адаптавацца будзе даволі лёгка. У мяне пасля школы была ўпэўненая С1-С2, але пасля паездкі я адчула яшчэ большы буст. Наогул калі я вярнулася і стала шукаць працу, гэты досвед вучобы ў Амерыцы стаў значнай канкурэнтнай перавагай. Мяне былі гатовыя браць ужо за добрую мову і разуменне культурнага кантэкста (смол-токаў, жартаў) і менталітэта.

Гэтая вучоба сапраўды расправіла мне крылы: я заўсёды жыла з адчуваннем вялікіх магчымасцяў, якімі можна карыстацца, але паездка яшчэ больш пашырыла гарызонты, павысіла планку патрабаванняў да месца працаўладкавання, наступнага месца навучанная і ўвогуле карысна пашырыла маё кола знаёмстваў. 

Брытанія, верасень 2022-студзень 2024

Апынулася так, што амерыканская праграма прывяла Дар’ю да яшчэ аднаго грунтоўнага навучання ў яе жыцці, якое яна сёлета заканчвае. У фэйсбуцы яна ўбачыла, што хлопец з Малдовы, з якім яна навучалася ў Амерыцы, паступіў на вучобу ў Вялікабрытанію, зацікавілася і ў наступным годзе сама падалася на яе.

Гэта праграма па стратэгічных камунікацыях у King’s College London, большая частка якой праходзіць у анлайн. За год вучобы арганізоўваліся дзве паездкі ў Лондан і адна — у Рыгу, аплочваюцца само навучанне, квіткі і пражыванне. 

Фота: асабісты архіў гераіні

— Гэта post-graduate дыплом (PG Dip), — тлумачыць Дар’я. — Мы вывучаем усю магістарскую праграму, але не пішам дысертацыю, таму ступень не атрымліваем. Калі ты хочаш быць крыху менш занятым, то можна падацца не на дыплом, а на сертыфікат. Праграма складаецца некалькіх прадметаў штотыдзень: асноўныя — стратэгічныя камунікацыі і практычныя кейсы, дадатковыя — палітычны маркетынг і аналіз і ўплыў на аўдыторыю.

Па занятасці атрымліваецца 2,5 гадзін лекцый і гадзіна семінару штотыдзень па асноўных прадметах, але да ўсяго трэба шмат рыхтавацца: чытаць дадатковыя матэрыялы, глядзець відэа. Пакуль чытаеш, шмат часу сыходзіць, каб дагугліць кантэкст, тэрміны — таму на вучобу сыходзіць шмат часу. Першыя некалькі месяцаў так супала, што я сыйшла з працы і гэта таксама дапамагло засяродзіцца больш на вучобе, але апошнія два месяцы я ўжо сумяшчала. Агулам усе мае аднакурснікі паралельна працавалі на поўныя стаўкі.

Калі ў анлайн студэнты і студэнткі вывучалі асноўныя прадметы, то падчас паездкі ў Лондан канцэнтраваліся ўжо на дадатковых, знаёміліся з аднагрупнікамі і адчувалі дух універсітэту: заняткі праходзілі ў цэнтральным кампусе каля Трафальгарскай плошчы. 

Фота: асабісты архіў гераіні

— Выкладчыкі рабілі заняткі максімальна інтэрактыўнымі, — заўважае Дар’я. — Мы заўсёды абменьваліся сваім досведам і вучыліся адзін у аднаго. Я заўважыла, што ў параўнанні з беларускай адукацыяй, там заўсёды быў час для твайго асабістага досведу, інтэрпрэтацый і сэнсу, які ты ў гэтым бачыш для сябе і сваёй краіны. Я нават адчувала на гэтых семінарах пэўны тэрапеўтычны эфект: нібыта даведвалася больш не столькі пра камунікацыі, а яшчэ раз пераасэнсоўвала сваё ўспрыманне свету, стэрэатыпы і г.д.

Пасля кожнай вочнай сесіі група атрымлівала заданне і да апошняга ніхто не ведаў, у чым яно будзе палягаць: таму імкнуліся ўзяць ад лекцый максімальную колькасць магчымага. Іспыты не былі класічным пераказваннем падручніка: напрыклад, гэта магло быць эсэ праз прызму краінаў і асабістага досведу, або пітч брытанскаму міністру. Таксама былі крэатыўныя заданні, на якіх нас не абмяжоўвалі: хтосьці прыдумаў песню, або рабіў дыджэй сэт, хтосьці — зладзіў акцыю ў Лондане і зняў відэа. Усе заданні, акрамя крэатыўных, ананімныя, каб можна было ацэньваць неперадузята.

— Асабліва каштоўным было тое, што выкладчыкі давалі разгорнуты фідбэк, — тлумачыць Дар’я. — Яны маглі даслаць вялікае аўдыёпаведамленне ці задаць удакладняючыя пытанні, каб далей накіраваць тваю думку. Яшчэ адзін нюанс, які трэба ведаць, — у Брытаніі не вельмі шчодрыя на добрыя адзнакі. Максімальны бал там 100, але часцей за ўсё атрымліваеш 60-65. Калі не спытаць адмыслова, ты таксама ніколі не ведаеш, што ў астатніх, таму важна не заганяцца, не параноўваць, а проста працягваць. Для мяне было важна і карысна асэнсаваць, што заўсёды будзе нехта больш разумны ці таленавіты, але гэта мусіць не заціскаць, а паказваць прастору для магчымасцяў і матываваць развівацца. 

Каб падацца на праграму, трэба запоўніць стандартную форму і напісаць матывацыйны і рэкамендацыйны лісты. Раней трэба было прыкладаць вынікі моўнага іспыту, але цяпер веданне мовы правярае непасрэдна прыёмная камісія. Пасля гэтага абраных кандыдатаў і кандыдатак чакае інтэрв’ю з дэканам і прадстаўніком МЗС, які адказвае за гэтую праграму. 

Фота: асабісты архіў гераіні

— Гэтае інтэрв’ю было для мяне таксама было каштоўным, — кажа Дар’я. — Я рыхтавалася да пытанняў кшталту “маіх планаў на пяць гадоў”, а яны адразу пачалі размову пра камунікацыі. Там так шмат людзей на месца, што яны вылучаюць на кожнага і кожную па хвілін 15-20, і за гэты час імкнуцца зразумець, што такое камунікацыі асабіста для цябе, наколькі сістэмна ты думаеш, задаюць пытанні пра твае асэнсаванне сучасных кейсаў і падзей. Пасля гэтых 20 хвілін я паклала тэлефон і падумала, што пытанні былі вельмі цікавыя, і суразмоўцы нетрывіальна працягвалі мае думкі. Таму я адразу вырашыла, што калі не прайду на PG Dip, то восенню буду падавацца на магістратуру — так мне захацелася там вучыцца.

— Пасля суразмоўя праз пару дзён я даведалася, што прайшла на наступны этап. Там трэба было прайсці кароткі курс па стратэгічных камунікацыях і напісаць эсэ паводле яго. Памятаю, у мяне тады быў адпачынак, і я выдаткавала дні тры-чатыры з яго на гэтую працу. Праз гэтае заданне яны хацелі зразумець, ці мы сапраўды зацікаўлены ў курсе, бо падчас праграмы цягам году трэба шмат пісаць і чытаць. 

Вучоба фактычна скончылася, усе мае адзнакі ўжо ратыфікаваныя, таму даволі хутка буду атрымліваць дыплом.


Дазнацца больш пра новы набор на праграму можна тут. Навучальная ўстанова, на базе якой будзе ідзе навучанне, у гэты год змянілася.

Дар’я Кракавяк вучылася ў БДЭУ ў Менску, Універсітэце Карвінуса ў Будапешце і Універсітэце Паўднёвай Караліны ў ЗША. Цяпер атрымоўвае постдыпломную адукацыю ва ўніверсітэце King’s College London па напрамку стратэгічных камунікацый.

Апошнія 7+ год працуе ў сферы IT і таксама кансультуе камерцыйныя і некамерцыйныя праекты па пытаннях знешніх камунікацый, выбудоўцы брэнда і распрацоўцы івэнт-стратэгіі. З’яўляецца ментаркай ініцыятывы Social Camp.

Звярнуцца да Дар’і па прафесійных пытаннях або ўдакладніць нешта пра праграмы і працэс падачы можна ў Інстаграм або Лінкдін.


Ліка Юр’ева