Дзяніс Рабчук са школы марыў вучыцца ў замежнай ВНУ. Першыя дзве спробы паступіць у амерыканскія ўстановы апынуліся няўдалымі, але хлопец прааналізаваў свае памылкі, вывучыў тры мовы да ўзроўню С1 і ў гэтым годзе скарыў бакалаўрыят італьянскага ўніверсітэту Bocconi, што месціцца ў Мілане. Як прайсці складаны шлях і не расчаравацца, Дзяніс распавёў aduplace.
Не асацыюй сябе з паступленнем
— Я задумаў паступаць у замежную ВНУ ў 15 гадоў, цяпер мне 19. Школьнікам берасцейскай гімназіі я амаль узяў прызавое месца на міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі і вырашыў, што хачу рушыць у кірунку замежнага навучання. Таму добра займаўся ў школе, рыхтаваўся да міжнародных тэстаў і ладзіў гарадскія праекты — пра свой досвед размалёўкі муралаў у Бярэсці я нават распавядаў на TED Youth. Паралельна пісаў навуковыя працы па геаграфіі і сацыяльным навукам. Я ўзяў «срэбра» на міжнароднай алімпіядзе па эканоміцы і «золата» на міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі.
Першыя два разы я падаваўся выключна ў амерыканскія вну — у гэтым была мая памылка. Ужо потым я даведаўся, што зараз для замежных абітурыентак і абітурыентаў у амерыканскіх універах усё больш рандомны адбор з незразумелымі правіламі гульні. Таму важна разглядаць іх хутчэй як магчымасць, а не ставіць усё жыццё на гэтае паступленне.
Адну дзяўчыну, якая робіць супернавуковыя праекты, не прыняла ні адна амерыканская вну, але прыняў Оксфард. Але часам у ЗША паступаюць людзі з відавочна дрэннай ангельскай і дзіўнымі ідэямі. Гэта ўшчэнт паламаная сістэма, да таго ж, пасля табе ніхто не тлумачыць, чаму цябе не ўзялі.
Гэта непрыемны досвед: падаецца, ты выдаткоўваеш шмат часу, але ў цябе нічога не атрымліваецца, а ты нават не разумееш, дзе што ламаецца. Мне было сорамна казаць у гімназіі, што я не паступіў. Таму я б параіў важную рэч: не асацыяваць сябе выключна з паступленнем і памятаць, што твой універсітэт ніяк не ідэнтыфікуе цябе як чалавека.
З табой усё ок, проста бываюць розныя абставіны. Хаця гэта і важны ліфт у жыцці, варта шукаць добрыя опцыі, але нават калі недзе нешта не атрымалася, жыццё ўсё яшчэ вартае таго, каб у ім быць. Пасля першай спробы паступлення для мяне гэта было невідавочным, я асэнсаваў гэта ўжо пасля.
Праца над памылкамі
— Маёй грунтоўнай памылкай у першыя разы было тое, што я падаваўся не як класны спецыяліст, а проста як добры хлопец. Але я не ўяўляў сябе без адукацыі, таму стаў развіваць сябе як чалавека, які можа нешта даць свету. Пачаў больш працаваць над сваім вобразам грамадзяніна, які можа дапамагчы краінам прывесці сябе ў парадак, — збольшага, эканамічны.
Я стаў знаёміцца з людзьмі, рабіць даследаванні, паступіў на падрыхтоўчы курс ад NAWA. Гэта тыпу праграмы 12-га класу школы перад універсітэтам, дзе ты пашыраеш веды ў эканоміцы, матэматыцы, гісторыі, паліталогіі. Дзякуючы курсу я дацягнуў сваю польскую да С1.
На той момант я ўжо таксама меў C1 па ангельскай і французскай і адпаведныя сертыфікаты. Яшчэ ў 16 год я цікавіўся нейрабіялогіяй, сачыў за Асяй Казанцавай, і ў мяне з’явіўся страх, што я памру праз хваробу Альцгеймера. А вывучэнне замежных моваў можа дапамагчы пазбгенуць гэтага, таму я вырашыў засвоіць французскую, якая мне вельмі падабалася.
Рэпетытарка па ангельскай параіла пачаць з заняткаў са спецыялістамі, каб было прасцей чэкаць пэўныя моманты з граматыкай і вымаўленнем. З лексікай пасля ангельскай праблем асабліва не было. Прыкладна за паўтара года я вывучыў яе з нуля да С1: я тады нікуды не спяшаўся і проста рабіў, што падабаецца.
Усё гэта падвышала маю экспертнасць, таму я пачаў пашыраць веды сярод людзей: выкладаў мовы, дапамагаў арганізоўваць алімпіяды на ФМА, пісаў артыкулы. Гэты час даў мне разуменне, хто я і чаго хачу ад жыцця. Я больш сканцэнтраваўся на эканоміцы.
Пасля двух няўдалых спробаў паступлення ў амерыканскія ВНУ я вырашыў пашырыць геаграфію. Склаў дастаткова вялікую таблічку з абсалютна ўсімі ўніверамі, якія мяне цікавяць. Там была інфармацыя пра паступленне, спецыялізацыі, стыпендыі. Сярод краінаў былі ЗША, Канада, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Фінляндыя.
У выніку я паступіў паўсюль, куды мяне фармальна маглі ўзяць, акрамя ЗША. Насамрэч гэта не дзіўна, я быў ідэальным студэнтам: добрыя адзнакі, даследчыя праекты, аналітычныя артыкулы, выдатныя тэсты па мовах, перамогі ў міжнародных алімпіядах, моцныя матывацыі чалавека, які ведае, чаго хоча ад жыцця.
Таму я зразумеў, што нешта не так было не са мной, а з сістэмай паступлення ў Амерыцы. Я проста пакінуў сабе гэта як факт: бакалаўрыят будзе не там. І абраў італьянскі Бакконі — адзін з найлепшых універсітэтаў, які спецыялізуецца на эканоміцы.
Чаму важна быць не проста добрым хлопцам
— Амаль усе ўніверсітэты патрабуюць тыя ці іншыя пісьмовыя працы. Часцей за ўсё гэта матывацыйныя лісты і эсэ. За тры гады паступленняў я напісаў хіба што не сотню такіх прац, таму маю, што сказаць на гэты конт. Агульная парада — паказаць, што не ты проста добры хлопец, а маеш план на рэалізацыю ўласнай місіі, нават калі ты толькі закончыў школу. І галоўная мэта — растлумачыць, чаму менавіта гэты ўніверсітэт з’яўляецца часткай твайго плану. Чаму вы патрэбныя адзін аднаму?
Тут важна трапіць у тое, што цікава і ўніверсітэту, і табе: знайсці агульныя кропкі ўзаемадзеяння. Каб зразумець, дзе яны могуць быць, пачытай сайт універу, іх даследаванні і каштоўнасці. У некаторых фокус будзе на роўнасці, у некаторых — на бізнэсе. Ёсць сэнс адштурхоўвацца ад гэтага, калі пішаш матывацыйны ліст, і звязаць гэта з тваім бачаннем і разуменнем свету.
У кожнага з універаў свае ўступныя тэмы для эсэ. Звычайна гэта аповед пра цябе, тваю матывацыю па жыцці, шмат тэмаў кшталту «Чым займаешся ў вольны час?», «Чаму цікавіць гэты ўнівер?», «Якія маеш планы на будучыню?». Але ёсць і своеасаблівыя «Якая музыка цябе натхняе?», «Што для цябе шчасце?».
Універсітэт у Чыкага знакаміты своеасаблівымі тэмамі для эсэ, сярод іх — «Што можна падзяліць на нуль?» У Sciences Po была тэма: «На вашае меркаванне, ці ёсць у грамадстве вакол вас ці ў свеце агулам прычыны для абурэння, якія маглі б апраўдаць грамадзянскае непадпарадкаванне? Дайце дакладны, кантэкстуальны і аргументаваны адказ».
Канадскія ўніверсітэты хочуць ведаць больш пра тое, што ты плануеш рабіць з адукацыяй, а амерыканскія сканцэнтраваныя на тым, які ты чалавек, якія маеш каштоўнасці.
Важна ўлічваць і спецыфіку ўнівера. Французскі Sciences Po створаны, каб палепшыць дзяржсістэму Францыі, таму рыхтуе добрых чыноўнікаў і канцэнтруецца больш на сацыяльных навуках. Для іх я пісаў эсэ на вельмі французскую тэму «Супраць чаго ў свеце можна пратэставаць?» Фінскі Aalto пазіцыянуе сябе як інтэрдысцыплінарную ВНУ. Італьянскі Bocconi суперсканцэнтраваны на эканоміцы і інтэграваны ў еўрапейскае эканамічнае жыццё, а мне якраз цікава разглядаць Еўрасаюз як феномен.
Амаль ва ўсе ўніверсітэты патрэбныя таксама рэкамендацыйныя лісты. Я раю ўзяць 3-5 рэкамендацыйных лістоў, якія характарызавалі б цябе з розных бакоў. Мінімум два — ад настаўнікаў, астатнія — ад людзей, з якімі вы ладзілі актыўнасці ці праекты.
Добра мець рэкамендацыю ад кіраўніка ці кіраўніцы профільнай ініцыятывы ці арганізацыі, калі такая маецца. Тады ў залежнасці ад спецыфікі месца, куды ты падаешся, іх можна міксаваць. У мяне было дзве моцныя рэкамендацыі і некалькі — дадатковых, я жангліраваў імі ў залежнасці ад таго, якім бокам паказваўся ўніверу.
Не варта рабіць іх даўжэй за 1,5-2 старонкі: людзі не любяць шмат чытаць. Лепш наогул укласціся ў адну старонку. Рэкамендацыі можна браць у настаўнікаў, з якімі ў цябе ёсць прыемны досвед камунікацыі: нейкая сумесная праца, актыўнасць на занятках. Таксама можна ўзяць лісты з арганізацый, дзе ты валанцёрыш, ці з працы.
Права на вышэйшую адукацыю
— Калі я падаваўся ва ўнівер, адразу выключаў тыя, дзе не было стыпендый. Ва ўсіх універах свае сістэмы. Часта гэта дзяржаўныя стыпендыі для замежнікаў у топавых універсітэтах краінаў. А вось у Канадзе моцнае падзяленне паміж дзяржаўнымі і прыватнымі стыпендыямі: напрыклад, калі выпускнікі вырашаюць фінансаваць іншаземцаў.
Часам трэба падавацца адначасова ва ўніверсітэт і на стыпендыю, часам з тых, хто паступіў, выбіраюць найлепшых для фінансавання. У Sciences Po ёсць, напрыклад, стыпендыя аднаго з заснавальнікаў універсітэту Эміля Бутмі, якая пакрывае выключна навучанне таленавітых іншаземцаў, у якіх бракуе грошай.
Чытай іншыя гісторыі беларусаў і беларусак:
- Як Паліна паўгода вучылася па праграме ў Берліне
- United World College: як вучыцца без падручнікаў і ездзіць валанцёрыць у вёску ў гарах Індыі
- Пяць прычын, чаму мне не падабаецца вучоба ў Швецыі
- «Ты становішся амбасадаркай сваёй краіны». Як паехаць у ЗША па Fulbright
Калі твой даход ніжэйшы за пэўны ўзровень, у шмат якіх універаў ёсць стыпендыя, якая будзе пакрываць як мінімум кошт навучання. Каб яе атрымаць, часцей дастаткова зрабіць даведкі пра заробкі бацькоў.
У Італіі сістэма была складаней. Там ёсць стыпендыя, якая ў залежнасці ад рэгіёну прыкладна перакладаецца як «права на вышэйшую адукацыю». Для яе трэба сабраць даведкі пра заробкі бацькоў, дакументы, ці валодае нерухомасцю кожны і кожная ў сям’і, распіску, што ты не валодаеш бізнэсам, выпіску з рахунку
Усе дакументы, выданыя дзяржструктурамі, трэба перакласці і апастыляваць. Гэта шмат працы, у Польшчы каштуе няшмат, але ў Беларусі мая падача на стыпендыю вылілася недзе ў тысячу даляраў: у Беларусі вельмі дарагія апастылі. Але яно было таго вартае: цяпер я чакаю фармальнага адказу аб стыпендыі і ў жніўні еду вучыцца.
Яшчэ тры парады ад Дзяніса
- Выкарыстоўвай прастору. Часта ў заяўках на паступленне некаторыя рэчы пазначаюць як «апцыянальныя», але насамрэч гэта важна. Нават калі нейкае поле можна пакінуць пустым — лепш запоўніць, калі можна не прыкласці сертыфікат ці рэкамендацыю — лепш прыкласці. Патрэбна даць універу як мага больш інфармацыі, хто ты і што з табой можна рабіць.
- Не лі вады. Калі тлумачыш ідэю ці матывацыю і размусоліваеш адну ідэю на 200 словаў, гэта не дае табе магчымасці выказацца больш поўна. Часам у заяўцы ідзе гульня на тое, каб у мага меншай колькасць літар распавесці як мага болей, бо існуюць абмежаванні па сімвалах.
- Правярай крытэры адбору. Часта еўрапейскія ўніверсітэты прымаюць на бакалаўрыят толькі тых, хто мае 12-класавую адукацыю. Дзяніса не ўзялі ў Брытанію і Нідэрландах, бо ім патрэбныя былі 12 гадоў адукацыі, прычым апошні з іх мусіў быць з універсітэту ці падрыхтоўчых курсаў у самой краіне. Універсітэт у Bocconi прыняў за 12-ты год сертыфікат хлопца аб заканчэнні падрыхтоўчых курсаў у Польшчы. Магчыма, гэта звязанае з тым, што ўніверсітэт прыватны, а значыць, больш ліберальны.
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева