Як вучыцца па навуцы? Частка пятая: фізкультура, каб запамінаць інфармацыю

Вітанкі, як маешся? Спадзяемся, у цябе таксама распачынаецца сапраўдная цёплая вясна. У такое надвор’е канцэнтравацца і вучыцца ну вееельмі складана, таму мы вырашылі запусціць нашу чарговую частку “Як вучыцца па навуцы”! Сёння пагаворым пра важныя ідэі і тэхнікі, якія палепшаць тваю здольнасць да навучання. 

Як узаемадзейнічаць з калегамі і каляжанкамі? Як убачыць свае моцныя бакі? Як пазбегнуць “сіндрома самазванца”? Бонус — будзем выкарыстоўваць кантрольны спіс лётчыкаў-знішчальнікаў і хірургаў, каб дапамагчы сабе выконваць важныя абавязкі. Паехалі!

Як вучыцца лепш?

Мы вучымся лепш, калі лепш ведаем, як працуе мозг і можам яго “хакнуць”. Апроч гэтага, ты можаш дапамагчы свайму мозгу двума спосабамі. Першы — зрабіць фізічнае практыкаванне. Гэта карысна, бо новыя нейроны нараджаюцца ў гіпакампе, а выжыць ім дапамагае якраз фізічнае практыкаванне. Другая парада: практыка. Яна робіць навучанне дасканалым, але толькі калі твой мозг падрыхтаваны да гэтага. 

Памятай, што навучанне можа не прагрэсаваць. Тады мы можам не разумець, чаму нам нічога не зразумела нават з таго, што было добра засвоена раней. Узгадай, як натыкаешся на гэты бар’ер, калі даходзіш да пэўнага ўзроўню валодання замежнай мовай!

Тут варта даць сабе час, як кажуць псіхолагі. Толькі не для пражывання эмоцый — а каб засвоіць веды. Гэта нармальна — рабіць у навучанні крок назад і раздражняцца праз гэта. Гэта значыць, што свядомасць глыбока апрацоўвае інфармацыю, але пасля такой часовай фрустрацыі ты заўважыш, што робіш нечаканы рывок наперад.

Давай паўторым!

Мы ўжо абмяркоўвалі гэта ў ранейшых тэкстах, але калі памятаеш, там было напісана, што новыя веды варта час ад часу паўтараць! А каб вывучыць канцэпты, трэба не толькі запамінаць іх, але і разумець: для гэтага трэба стварыць яркія метафары ці аналогіі.

У пачатку 19 стагоддзя, калі ў хіміі пачалі візуальна ўяўляць мініяцюрны свет малекулаў, прагрэс стаў відавочным. Яшчэ больш прыкольны метад — уявіць сябе ў тых канцэптах, якія хочаш запомніць. Напрыклад, як табе ўстаць на месца Х у алгебраічным ураўненні і паспрабаваць выбрацца са складанай сітуацыі? Не дазволь ёй быць знішчаным страшным дзяленнем на нуль!

Ці варта зайздросціць геніям?

У бейсболе ніхто не вучыцца трапляць па мячыку за адзін дзень. Рухі ўдасканальваюцца цягам шматгадовых паўтарэнняў. З часам гэты рух засвойваецца і аўтаматызуецца — гэтаксама, як і пэўныя веды. Надыходзіць час, калі табе ўжо не трэба тлумачыць пэўныя рэчы, бо ты ведаеш іх дастаткова дакладна.

Але! Людзі засвойваюць інфармацыю толькі тады, калі дакладна зразумелі яе, а не проста выслухалі тлумачэнне іншага чалавека. Напрыклад, шахмацісты, лётчыкі і хірургі мусяць хутка прымаць складаныя рашэнні. У гэты момант яны адключаюць сістэму, якая адказвае за свядомасць і абапіраюцца на сваю добра развітую інтуіцыю. Але пры гэтым яны выкарыстоўваюць сістэму ведаў і навыкаў, якія глыбока ўкараніліся ў частках іх памяці, таму не трэба думаць, што можна так рабіць проста “па адчуванні”.

Але пазбягай установак у сваёй галаве. Думка, якую мы засвоілі, можа блакаваць новыя думкі. Добрая памяць (у тым ліку, тая, што ўспрымаецца як геніяльная!) так класна трымаецца за старыя ідэі, што новым не так лёгка прабіцца!

Калі ты не можаш утрымаць шмат інфармацыі ў памяці, табе трэба спакойнае месца, каб сканцэнтравацца, ты можаш выкарыстоўваць кароткатэрміновую памяць у поўным аб’ёме. Гэта характэрна для творчых асобаў! Бо меньшы аб’ём памяці дазваляе аб’ядноўваць вывучаны матэрыял ў новыя, часам нечаканыя блокі. Магчыма, табе давядзецца выдаткаваць больш сіл і часу, каб штосьці зразумець, але як толькі ты гэта зробіш, зможаш карыстаць гэта рознымі творчымі спосабамі.

Як думаць па-іншаму?

А калі ты ўсё засвойваеш, але табе ўвесь час падаецца, што гэтак жа бракуе кампетэнтнасці і хутка ўсе гэта зразумеюць, вітаем у “сіндроме самазванца”. Галоўнае, што варта зразумець: такіх людзей шмат! Не могуць жа ўсе яны быць некампетэнтнымі? 

Каб перастаць верыць у такое, трэба змяняць думкі. Мы ўсё яшчэ не да канца ведаем, як дакладна працуюць нейроны, але вучоныя дакладна зразумелі: мы можам рабіць значныя змяненні ў мозге, калі змяняем працэс мыслення. Шмат каго мы ўспрымаем як прыродных геніяў, але ўсе яны шмат працавалі і былі вельмі зацятымі ў сваіх мэтах. Напрыклад, Дарвін дрэнна вучыўся ў школе, выляцеў з коледжа і паехаў у падарожжа вакол свету на караблі.

Таму важна зразумець, як менавіта табе больш зручна вывучаць матэрыял. Гэта можа стаць тваім асабістым шляхам да майстэрства! Калі табе штосьці незразумела, паспрабуй змяніць кніжкі, настаўнікаў ці асяродак успрымання інфармацыі! Калі ты прымеш на сябе адказнасць разумець і навучацца — то атрымаеш здольнасць выбіраць найлепшы шлях для сябе. 

Як умець у камандную працу?

Яшчэ адна важная рэч: навучыцца абстрагавацца ад асяродку, калі ён хоча збіць цябе са шляху. Напрыклад, сумняецца ў тваіх здольнасцях — такім чынам хтосьці можа проста зайздросціць тваім поспехам. Помні, што нават твае сукаманднікі могуць быць і супернікамі. І не любы асяродак будзе спрыяць тваім поспехам і падтрымліваць пачынанні. Часам патрэбна будзе быць упартым самастойна, насуперак усім думкам пра цябе. 

Але камандная праца вельмі важна! Напрыклад, людзі, у якіх пашкоджанае правае паўшар’е, часта не здольныя да ўспышак прасвятлення. Правае паўшар’е важна, каб ісці ў слушным кірунку і рэальна ацэньваць сітуацыю: часам яно адыгрывае ролю “адваката д’ябла”, калі трэба паставіць пад сумнеў пытанне ці знайсці глабальныя неадпавяданні. Левае паўшар’е хоча пакінуць усё, як ёсць, захаваўшы для нас вядомую інтэрпрэтацыю света. 

Але калі ты першапачаткова бярэш няслушны фокус, уся астатняя праца не мае сэнса. І ты не зможаш заўважыць гэта, бо будзеш мець упэўненасць і спакой: усё норм. Але гэта толькі ў левым паўшар’і. Таму так важна зрабіць крок назад і выкарыстаць увесь мозг, які спрабуе падмануць сам сябе. І найлепшае выйсце тут — брэйншторм з тымі, хто гэтак жа засяроджаны на прадмеце. Разам можна знайсці і выправіць памылкі, якія ніхто не бачыў паасобку, бо ў адной нервовай сістэмы бракавала на гэта сіл.

Разам можна паймаць момант, калі мозг хоча сыйсці зусім у іншы бок. У выніку атрымліваецца рассеяннае мысленне больш глыбокага ўзроўню, а не сканцэнтраванае фокуснае мысленне, якое ўласціва чалавеку, які доўга засяроджана працуе з адной тэмай. Тут важна не весці безпрадметныя размовы і прытрымлівацца курса. Бо калі размова ў групе пачынаецца на 15 хвілін пазней, удзельнікі і ўдзельніцы не падрыхтаваліся да абмеркавання, а вядуць размовы на іншыя тэмы, лепш знайсці сабе іншую групу.

Так тваё жыццё можа змяніць маленькая прафесійная парада ад калегаў прайсці стажыроўку ў прафесараў ці скінутая сябрамі вакансія!

Бонус! 

Кантрольны спіс, каб ацаніць гатоўнасці прайсці тэст. Памятай, што тэсты развіваюць здольнасць канцэнтравацца і могуць быць добрым дадаткам да навучання! Спіс распрацаваў легендарны педагог Рычард Фэлдар. Як казаў ён сам, паспрабуйце прыкласці максімум намаганняў, каб адказаць “так” на большасць пытанняў.

  1. Ці прыклалі вы намаганне, каб зразумець тэст?
  2. Ці рашалі вы хатняе заданне разам з аднакурснікамі і аднакурсніцамі ці хаця б зверылі з імі рашэнне?
  3. Ці пыталіся вы прыкінуць рашэнне ўсіх зада, перад тым, як рашаць іх разам?
  4. Ці актыўна вы ўдзельнічалі ў групавых абмеркаваннях, высоўваючы ідэі і задаваючы пытанні?
  5. Ці раіліся вы з выкладчыкамі ці іх памочнікамі, калі сутыкаліся з праблемамі?
  6. Вы прынялі рашэнне ўсіх задач хатняга задання, калі яны сталі вядомыя?
  7. Ці прасілі вы патлумачыць рашэнні тых задач, якія былі незразумелыя?
  8. Калі быў падручнік, ці рашалі вы ўсе заданні з яго перад тэстам?
  9. Ці спрабавалі вы прыкінуць рашэнне большай колькасці задач вельмі хутка, не выдаткоўваючы час на разлікі?
  10. Ці разбіралі вы падручнік разам з аднакурснікамі і аднакурсніцамі? Ці тэставалі вы адзін аднаго?
  11. Калі ў вас быў аглядны занятак перад тэстам, ці наведалі вы яго, ці задалі пытанні пра тое, што выклікала сумневы?
  12. Ці дастаткова вы спалі напярэдадні?

Ліка Юр’ева