Аднойчы я стаяла ў дворыку ўніверсітэта ў Манчэстэры і разважала, як бы так сабраць дакументы і паступіць сюды ў магістратуру. Я нават адкрыла ўсе магчымыя сайты і пачала абіраць напрамак, але мае імкненні ўшчэнт разбіліся аб неразуменне: а чаго я, уласна кажучы, хачу?
Апынулася, што я не зусім разумею: ці хачу я працягваць вучыцца сваёй спецыяльнасці, ці засвоіць новую — а калі новую, то якую? Пакуль я будавала прафесійную кар’еру, у свеце з’явілася ці не сотні новых спецыяльнасцяў, якія я нават не магла ўявіць, калі мне было 19 гадоў.
Так мая мара спынілася на пяць гадоў. Шматлікія тэсты на прафарыентацыю таксама не давалі адказу. Дакладней, давалі: «вам пасуе сфера “чалавек-чалавек”, віншуем». Ці «вам падабаецца пісаць, можаце напісаць кніжку». Дзякуй, вядома, але на такой паверхні я і сама чэмпіёнка плаваць.
Але аднойчы я натрапіла на тэст па самавызначэнні, які праўда даў мне адказы на ўсе мае пытанні і працягвае даваць дагэтуль. Настолькі падрабязныя і грунтоўныя, што цяпер мне хочацца дзяліцца ім з усім светам. Гэта бясплатны кар’ерны тэст, які зойме 40 хвілін твайго часу, але дапаможа знайсці той самы кірунак развіцця, глыбока прааналізаваўшы твае скілы, здольнасці і цяперашнюю кар’еру.
Ён называецца Career Explorer, але насамрэч дае больш: падкажа напрамак магістратуры, які можа цябе зацікавіць, пакажа карье’рны рост там, дзе яго не было бачна, распавядзе, як пачаць у гэтым прашарвацца.
Ён дастаткова просты і складаецца з некалькіх блокаў. Табе задаюць простыя пытанні — трэба выбіраць варыянты адказаў. Сайт цалкам на англійскай мовы, але не забывай, што аўтаматычны гугл-перакладчык можа дапамагчы.
Пытанні могуць быць розныя. Напрыклад, ці хацелася б табе выконваць пэўныя задачы.
Потым — прапаноўвае прымерыць на сябе пэўную кар’еру (якія часам не выглядаюць як кар’еры — хіба так можна было?!)
І гэтак далей. Тэст пройдзецца па ўсіх магчымых профілях, каб зразумець тваю цікаўнасць у розных напрамках. Што важна — напрыканцы ёсць блок з апісаннем твайго досведу, каб суаднесці імкненні з тым, што ты ўжо маеш.
Кожны крок табе дасяжны твой прагрэс: тэкст падказвае, колькі табе яшчэ сядзець над пытаннямі і нават «пераводзіць» гэта ў час.
Калі ты нарэшце адолееш усё, то цябе чакае поўны расклад тваіх прафесійных магчымасцяў. Па-першае, ён прапаноўвае дзясяткі спецыяльнасцей, у якіх ты можаш сябе паспрабаваць. Некаторыя з іх могуць быць нечаканыя. Напрыклад, маё жаданне пісаць тэксты і любоў да кулінарыі тэст «сумясціў» у прафесіі рэстараннага крытыка. Я праўда ніколі не разважала пра такую кар’еру, але цяпер думаю, чаму б і не?
Па-другое (мо, гэта і больш важна!): ён прапаноўвае не толькі канкрэтныя прафесіі, але і «трэкі», паводле якіх ты можаш рушыць далей, а таксама набор тваіх моцных бакоў. Таму ты можаш як прыслухацца цалкам і прама там выбраць для сябе пэўную прафесію, але можаш і прасачыць агульны кірунак, які аб’ядноўвае прапановы.
Што яшчэ цікава — тэст прапаноўвае магчымыя спецыяльнасці для магістратуры. Калі хочацца атрымліваць ступень, але не ведаеш, з чаго пачаць, — табе дакладна сюды.
Па кожным з накірункаў ён прапаноўвае падрабязнае апісанне профілю, скілоў, ведаў, а таксама магчымых кар’ераў. Так, напрыклад, выглядае адзін з трэкаў, па якім могуць ісці тыя, хто вывучаў «International Studies».
Такім чынам, праз 40 хвілін тэсту ў мяне быў поўны расклад на мае прафесійныя здольнасці. Некаторыя рэчы сталі нечаканасцю, некаторыя — дапамаглі зірнуць свежым вокам на вядомыя даўно штукі. Вядома, карысна час ад часу праходзіць такія тэсты, каб зверыцца са сваім «компасам» ці намацаць патрэбны шлях, калі стаіш на скрыжаванні.
А што атрымалася ў цябе? Дасылай нам у Telegram-бот, будзем натхняцца разам!
Ліка Юр’ева