Стаіш на ростанях адукацыі і не ведаеш, куды падацца? Adu.place падрыхтаваў простыя адказы на пытанні, якія могуць узнікнуць у цябе на пачатку адукацыйнага шляху «Беларусь-Замежжа». Чытайма і гайда вучыцца!
Лепш, каб перад паступленнем у запасе ў цябе быў мінімум год. Спачатку вызначся, што ты сапраўды хочаш вывучаць. У гэтым дапаможа маленькае даследаванне: пашукаць, у якіх універсітэтах і краінах гэтаму навучаюць. Пасля трэба пачытаць больш падрабязна пра жаданую праграму: умовы паступлення, мову навучання, перспектывы пасля адукацыі. Знайсці падводныя камяні дапамогуць форумы з меркаваннямі студэнтаў і студэнтак альбо выпускнікоў і выпускніц праграм.
Таксама важна паглядзець спіс абавязковых дакументаў для падачы і патрабаванні да іх (напрыклад, звярнуць увагу, ці патрэбен апастыль на іх). Калі праграма знойдзеная, можна рыхтавацца да паступлення.
Паглядзі, калі на патэнцыйную праграму адбываецца залічэнне. У розных краінах тэрміны розныя. Звычайна гэта вясна, калі вучоба пачынаецца восенню, але калі навучанне стартуе ўзімку ці ўвясну, то тэрміны залічэння будуць адрознівацца ад звычайнай практыкі. Звярні ўвагу, што для замежных абітурыентак і абітурыентаў залічэнне можа заканчвацца раней, чым для нацыянальных.
Калі для паступлення патрэбна здаваць унутраны іспыт, трэба пачынаць да яго рыхтавацца. Для гэтага будзе карысным пачытаць водгукі на яго ў інтэрнэце. Гэта ж тычыцца і моўнага іспыту: чым раней пачаць да яго рыхтавацца, тым прасцей на ім будзе.
Акрамя рэчаў, звязаных з самой праграмай, важна паглядзець умовы для атрымання віз і ВНЖ у пэўнай краіне. Звярні ўвагу, ці ёсць абмежаванні на атрыманне візаў, асаблівыя дакументы для падачы, якія трэба рыхтаваць загадзя.
Напрыклад, у некаторых краінах замежныя студэнты павінны мець рахунак з пэўнай сумай грошаў (звычайна вельмі вялікай) як доказ таго, што ў студэнта ёсць грошы на жыццё ў краіне. Таму важна праверыць і гэты момант, каб на фінальным этапе табе не адмовілі ў візе. Універсітэт у такіх сітуацыях мала чым можа дапамагчы.
Універсальнага адказу для кожнага і кожнай няма. Варта зразумець, наколькі краіна і ўніверсітэт даюць якасную адукацыю ў абраным кірунку. Напрыклад, электронны ўрад лепш вывучаць у Эстоніі, атамную фізіку — у краіне, дзе шмат АЭС, якія працуюць, і гэтак далей.
Важная таксама магчымасць атрымаць стыпендыю ці пацягнуць навучанне фінансава. Калі ты не атрымаеш стыпендыю і будзеш працаваць 20-30 гадзін на тыдзень, каб забяспечыць сябе жыллём, ці будзе гэта вартае таго?
Таксама можна арыентавацца на культурны фон. Падумай, ці важна табе вялікая беларуская дыяспара, падобнасць моваў і менталітэтаў, блізкасць культуры краіны.
Гэта залежыць ад краіны і спецыяльнасці, але звычайна гэта беларускі дыплом, моўны сертыфікат, вынікі ўнутранага іспыту ва ўніверы (калі ён быў), эсэ, матывацыйны і рэкамендацыйныя лісты. Добрай дапамогай будуць дыпломы і сертыфікаты пра ўдзел у дадатковых курсах, пацверджанні твайго валанцёрству ці ўдзелу ў рознага кшталту імпрэзах, якія паказваюць цябе як актыўнага чалавека ў галіне, на якую ты падаешся.
Чытай іншыя карысныя артыкулы:
- Як вучыцца па навуцы? Частка першая: як думаць па-рознаму і навошта спаць
- Прадзюсарка Ала Алоэ: як ствараць сацыяльна важныя праекты
- Паказваем, дзе шукаць стажыроўкі ў структурах ААН па ўсім свеце
Калі хочаш паступіць на бакалаўрыят, патрэбна мець дыплом аб агульнай школьнай адукацыі ў Беларусі і як мінімум два скончаных семестры ў беларускай ВНУ (адзін навучальны год) ці дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі (сярэдняя спецыяльная адукацыя) плюс адзін навучальны год у беларускім ВНУ.
Такое патрабаванне звязанае з тым, што звычайна школьная адукацыя ў краінах Еўропы доўжыцца мінімум 12 гадоў (з некаторымі лакальнымі выключэннямі) і каб кампенсаваць розніцу ў гадах навучання, трэба мець год навучання ў ВНУ. На магістратуру можна ісці з дыпломам аб скончаным бакалаўрыяце.
Некаторыя ВНУ прапаноўваюць скамбінаваныя праграмы, па сканчэнні якіх адразу атрымліваеш дыплом магістра.
Так! Звычайна пашпарт не мае значэння пры адукацыі ў іншых краінах. Аднак ёсць напрамкі, дзе могуць быць абмежаванні на паступленне замежнікаў. Звычайна гэта праграмы, звязаныя з нацыянальнай бяспекай краін (тыпу Акадэміі УС, ваенныя акадэміі). Таксама ў краінах могуць быць агульныя забароны на выдачу віз для беларусаў і беларусак. У такім выпадку могуць быць цяжкасці з прыездам у краіну: напрыклад, цяпер такая сітуацыя склалася з Чэхіяй і Эстоніяй.
— Я падавалася на праграму, якая праходзіць у трох краінах адразу: Бельгіі, Нямеччыне і Эстоніі, — распавядае сёлетняя абітурыентка. — Калі мяне ўзялі на праграму, то куратарка паведаміла, што яны будуць высвятляць з Эстонскім універсітэтам, ці ўсё добра з маёй візай.
Калі ёсць жаданне паступаць у Гарвард, то вядома, гайда! Але калі выбар Гарварду абумоўлены толькі назвай, то так рабіць не трэба. Па-за гэтым універам, у Еўропе прыстойны ўзровень вышэйшай адукацыі. Улічваючы Балонскі працэс, еўрапейскія краіны імкнуцца сінхранізаваць сістэмы вышэйшай адукацыі, каб мець аднолькава высокі ўзровень.Таму Гарвард не павінен быць адзінай мэтай для паступлення. Паглядзі на краіны вучобы нобелеўскіх лаўрэатаў — сярод іх не менш еўрапейскіх ВНУ. Агульная парада — абіраць краіны, дзе адукацыя для замежных студэнтаў бясплатная ці недарагая, калі ёсць абмежаванні ў сродках.
Гэта можа стаць перашкодай, але заўсёды ёсць выйсце. Можна прайсці дадатковыя курсы па тэме магістратуры — любы сертыфікат па тэме падвысіць шанцы. У Польшчы ёсць гадавая Studia podyplomowa, якая дае акадэмічныя веды і пацверджанне адукацыі. Замежныя ўніверсітэты таксама прапануюць анлайн-курсы на 6-8 гадзінаў на тыдзень.
Калі ты працуеш у сферы, куды хочаш паступаць у магістратуру, можаш папрасіць рэкамендацыйны ліст ад кіраўніцтва ці калегаў і каляжанак.
— Не саромцеся спытаць у куратара ці куратаркі, што можа падвысіць шанцы, — распавядае сёлетняя абітурыентка. — Іх кантакты звычайна пазначаныя на старонцы праграмы. Таксама да іх можна звяртацца па абсалютна любым пытанні: яны толькі радыя дапамагчы.
На бакалаўра можна падацца без вышэйшай адукацыі, маючы тыя самыя мінімум два скончаных семестры ў беларускім ВНУ ці дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі і адзін навучальны год у беларускім ВНУ.
З незакончанай вышэйшай адукацыяй таксама можна паступаць на бакалаўрыят, нават калі цябе адлічылі. У некаторых выпадках можна нават залічыць некаторыя праграмы, па якіх ты навучаўся ці навучалася ў Беларусі. Маючы толькі сярэднюю адукацыю, студэнты могуць паступіць, але хіба ў якасці выключэння, гэта не агульная практыка.
У гэтым палягае вялікая розніца з беларускімі ВНУ. У Еўропе можна падавацца адначасова не толькі ў некалькі ўнівераў, але і нават на некалькі праграмаў у адным. Падача адначасова на некалькі праграмаў нават падвышае шанец, што цябе прымуць на адну з іх.
Да таго ж, за некалькі месяцаў падрыхтоўкі да паступлення ты можаш змяніць прыярытэты, даведацца нешта грунтоўнае і пераарыентавацца. Ніякіх санкцый за адмову не будзе, толькі што не вернуць application fee. Звычайна, калі ўнівер робіць офер, яны даюць некалькі дзён, каб абітурыент ці абітурыентка пацвердзілі свой намер навучацца на дадзенай праграме.
— Я нават мела адну пробную заяўку на праграму, куды не збіралася ісці, — распавядае сёлетняя абітурыентка. — Гэта дапамагло патэставаць, як падавацца, зразумець, што гэта нястрашна, і спакойна падавацца на праграму мары.
Application fee — аплата за падачу заявы на навучанне — ёсць не ва ўсіх краінах і не ва ўсіх універсітэтах адной краіны. Гэтую інфармацыю лепей правяраць на сайтах ВНУ, у якія ты падаеш дакументы. Таксама Application fee могуць быць для ўсіх студэнтаў, а могуць і толькі для замежных студэнтаў (для ўсіх ці толькі для тых, хто не з ЕС). Кошты на іх таксама вельмі адрозніваюцца ад краіны — ад некалькіх еўра да больш за 100 еўра.
Рэкамендуем іншыя крутыя артыкулы ад aduplace:
- «Я думала, там вучацца толькі геніі». Сем гісторый беларускі, якая паступіла ў Стэнфард
- Хочаш уплываць на змены ў сваім горадзе? Тлумачым, як гэта рабіць
- 5 падкастаў, каб трэнаваць ангельскую на слых
Амаль заўсёды так. Для ВНУ гэта самы просты спосаб праверыць, ці ведае абітурыент ці абітурыентка мову навучання. Вну могуць патрабаваць пэўныя моўныя сертыфікаты (напрыклад, калі ў цябе ёсць IELTS, а ўнівер патрабуе TOEFL, то дакументы ў цябе не прымуць). Таму вельмі важна азнаёміцца з патрабаваннем да пэўных сертыфікатаў загадзя.
Памятай, што большасць англамоўных праграм – гэта магістратура. Тут звычайна патрабуюць мову на ўзроўні IELTS 6.5-7.5, часам можна знайсці ад 5.5. Бакалаўры часцей навучаюцца на мове краіны, дзе знаходзіцца ўніверсітэт.
Але ёсць і выключэнні наконт сертыфікату для беларусаў і беларусак. Калі праграма выкладаецца на расейскай мове (напрыклад, у Літве), то нас успрымаюць як носьбітаў і носьбітак мовы і не патрабуюць сертыфікатаў. Таксама вядомыя выпадкі, калі моўны сертыфікат аб веданні нацыянальнай мовы ў беларусаў і беларусак не патрабавалі ва Украіне.
Ёсць розныя віды стыпендый. Некаторыя з іх пакрываюць толькі Tuition fees (плата за непасрэднае навучанне) ці пэўны адсотак ад гэтага — напрыклад, 50% ці 75%. Некаторыя стыпендыі даюць штомесячныя выплаты і не пакрываюць Tuition fees. Ёсць і такія, якія пакрываюць Tuition fees і прадугледжваюць і штомесячныя выплаты, і дадатковыя бонусы.
Таму вельмі важна чытаць умовы стыпендый, на якія ты падаешся, каб у выніку не аказалася, што грошы за навучанне ўсё роўна трэба плаціць. Таксама ёсць такія праграмы, якія для атрымання стыпендыі патрабуюць вывучаць мову краіны, дзе знаходзіцца ўніверсітэт, і праходзіць на ёй навучанне (напрыклад, у Румыніі, Вугоршчыне).
Варта ўлічваць кошт падручнікаў. Некаторыя ВНУ папярэджваюць, што ён можа дасягаць 500-600 еўра ў год, не ўсе стыпендыі яго пакрываюць.
ВАЖНА: у некаторых ВНУ ёсць Semester Fees, якія студэнты плацяць, нават калі не плацяць Tuition fees.
Варта рабіць гэта адначасова. Ёсць стыпендыі, на якія можна падацца толькі, калі ўжо ты студэнт ці студэнтка. А ёсць стыпендыі якія даюць адразу з паступленнем. Шукаць іх можна на нацыянальных адукацыйных парталах тыпу NAWA у Польшчы.
Звычайна такія сайты называюцца Study in [назва краіны]. Але таксама трэба памятаць, што некаторыя ВНУ маюць свае стыпендыяльныя фонды і даюць стыпендыі для студэнтаў і студэнтак універу. Інфармацыя пра такія стыпендыі і гранты ёсць на сайце ўніверсітэту.
— Я б раіла падпісацца на блогі, якія дапамагаюць з паступленнем, — распавядае сёлетняя абітурыентка. — Карыстацца іх паслугамі неабавязкова. Там публікуюць шмат пра стыпендыі і лайфхакі. Калі даведаешся пра нейкую стыпендыю — можна знайсці афіцыйны сайт ці напісаць куратарам. Раю запоўніць сваю інфапрастору блогамі пра навучанне. Я асабіста карысталася сайтам Univibes і Instagram-старонкай neotpuskaiteplo.
Часта ўніверсітэты прапаноўваюць студэнцкія інтэрнаты — гэта самы фінансава дасяжны варыянт. Некаторыя студэнты абіраюць прыватнае жыллё і здымаюць яго з іншымі студэнтамі. Калі вас прынялі на праграму, адразу звяжыцеся з універсітэтам, каб атрымаць інфармацыю наконт варыянтаў жытла.
Так у цябе будзе больш часу вызначыцца, як і дзе ты хочаш жыць, да таго ж гэта неабходная інфармацыя для падачы на ВНЖ. Часам універсітэты дапамагаюць гайдамі па пошуку жытла, у некаторых ёсць асобныя службы, якой можна дасылаць пытанні пра кошты і юрыдычныя аспекты арэнды.
Як правіла, працаваць замежныя студэнты могуць, але з пэўнымі абмежаваннямі. Напрыклад, толькі 20 гадзін у тыдзень. Усе гэтыя правілы лепей дазнавацца ў самой краіне.
Аднак універы не раяць шмат разлічваць на гэта асабліва ў першы семестр, бо вучыцца ў замежнай краіне цяжэй праз мову, іншага падыходу да навучання, іспытаў. Таму варта першапачаткова вызначыць для сябе прыярытэты, ці гэта адукацыя, ці дыплом.
Засталіся пытанні? Пішы нам! Таксама табе будуць карыснымі парады пра матывацыйны і рэкамендацыйныя лісты.
Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Максіму Зафранскаму, які вучыўся ва ўніверсітэтах Беларусі, Румыніі і Нарвегіі, а таксама і сёлетнім абітурыентам і абітурыенткам.
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева