«Ты становішся амбасадаркай сваёй краіны». Як паехаць у ЗША па Fulbright 

Прама цяпер ідзе набор на стыпендыю Fulbright. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі аповед Юліі Яфіменкі — беларускі, якая атрымала гэтую стыпендыю ў 2022 годзе і цяпер вучыцца па ёй у Мічыганскім універсітэце на праграме «Публічная палітыка».

Fulbright — вядучая міжнародная праграма адукацыйнага абмену, фундаваная ўрадам ЗША. Яна закліканая ўмацаваць паразуменне паміж народамі Злучаных Штатаў і іншых краінаў.

Юлія Яфіменка. Фота: асабісты архіў гераіні

Падрабязнасці пра стыпендыю Fulbright для магістратуры ў ЗША

Падрабязнасці пра стыпендыю Fulbright для аспірантуры ў ЗША

Юлія закончыла БДЭУ ў 2019 годзе, працавала ў сферы эканомікі, а таксама кансультанткай па аналізе даных у UNICEF. Фокус яе цікаўнасці быў на даследаваннях з фокусам на сацыяльную палітыку і на ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі. Падчас працы дзяўчына зразумела, што хоча не проста разумець гэтыя працэсы і праводзіць даследаванні, але і выкарыстоўваць веды на практыцы. Гэта і стала яе матывацыяй паступаць у замежную ВНУ:

— Першая мая спроба паступіць была вясной 2020 году, тады я рыхтавалася здаваць моўныя тэсты. На праграмы, звязаныя з матэматыкай альбо статыстыкай, хутчэй за ўсё таксама спатрэбіцца здаваць тэст GRE. Там вельмі складаныя моўная частка, я раю добра рыхтавацца менавіта да яе. Да матэматычнай часткі відавочна таксама трэба рыхтавацца. Тады мяне ўзялі ў некалькі еўрапейскіх універсітэтаў, але не далі стыпендыю. Такі варыянт я не магла сабе дазволіць, таму нікуды не паехала. 

Тым разам я выдаткавала шмат грошай на спробы паступіць. Каля 420 даляраў мне каштавалі тэсты — я здавала TOEFL і GRE. Яшчэ 25-27 даляраў — кошт, каб арганізацыя, праз якую вы здаяце тэсты, даслала ва ўніверсітэты вашыя афіцыйныя вынікі. Але не атрымалася, і ў 2021 годзе ў мяне не было асаблівай матывацыі. Потым восенню ўбачыла набор на Fulbright — і знаёмы ўгаварыў падацца. Хаця я не хацела так далёка з’язджаць ад сям’і, вырашыла паспрабаваць і падалася.

Універсітэт Мічыгана. Фота: асабісты архіў гераіні

Як беларусу ці беларусцы падацца на Fulbright

Абвесткі пра конкурс амбасада ЗША ў Беларусі публікуе на сваім сайце. Ніякія моўныя ці іншыя іспыты перад падачай здаваць не трэба: табе спатрэбіцца апісаць асабістую гісторыю, звязаную з меркаванай вучобай, акадэмічны ліст і тры рэкамендацыйныя лісты. На гэтым этапе можна выбраць пяць праграмаў, на якіх ты хочаш вучыцца.

Калі дасылаеш дакументы арганізатарам і арганізатаркам, застаецца толькі чакаць. Калі ты спадабаўся/спадабалася, цябе запросяць на інтэрв’ю, пасля якога ўжо прымаецца канчатковае рашэнне пра твой удзел у праграме. Таксама ёсць спіс запасных кандыдатаў і кандыдатак. Людзям як з асноўнага, так і з запаснога спісу, Fulbright пакрывае моўныя тэсты.

Калі ты праходзіш інтэрв’ю, усімі працэсамі далей займаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы стыпендыяльнага камітэту. Яны адпраўляюць за цябе дакументы ў ВНУ, афармляюць усе патрэбныя рэчы. У гэты час — прыкладна з лістападу да красавіка — складана атрымаць нейкія навіны пра працэс: ты проста чакаеш. Юля распавядае, што ўказала толькі Мічыганскі ўніверсітэт:

— Падчас інтэрв’ю я распавяла, чаму хачу вучыцца там, і так атрымалася, што мяне туды і прынялі. Пры адборы на Fulbright звярталі ўвагу на некалькі рэчаў. Па-першае, трэба выдаткаваць шмат часу на падрыхтоўку матывацыйнага і акадэмічнага лістоў, не саромцеся прадаваць свае поспехі!

Мне дапамагло, што да адпраўкі я паказала іх сваім сябрам, якія адзначылі, якія моманты я магу ўзмацніць, больш падрабязна апісаўшы свае высілкі. Калі рыхтуеш ліст, трэба вельмі добра разумець, навошта ты едзеш вучыцца, як будзеш выкарыстоўваць гэтую адукацыю. 

Па-другое, да інтэрв’ю таксама трэба рыхтавацца. У 2020 годзе я падавалася на стыпендыі з думкамі, што мне нехта штосьці вінен, але гэта табе патрэбна змагацца за нешта і прыкладаць для гэтага вялікія высілкі. Таму перад інтэрв’ю я чытала форумы і пыталася ў тых, хто ўжо яго прыходзіў, якія пытанні задавалі, а потым рыхтавала да іх адказы.

Памяшканні ўніверсітэта Мічыгана. Фота: асабісты архіў гераіні

Я разважала, што б я спытала ў сябе, і таксама апісвала патэнцыйныя адказы. Я трэніравалася, як буду гаварыць. Падчас інтэрв’ю варта казаць не толькі, што праграма можа даць табе, але і што ты можаш даць ёй, бо Fulbright — гэта не толькі акадэмічны, але і культурны абмен. Фактычна ты становішся амбасадарам ці амбасадаркай сваёй краіны. Ад Беларусі кожны год вучыцца па ёй едзе некалькі чалавек.

Юля раіць не баяцца спрабаваць паступаць, бо нават калі досвед будзе негатыўны, з яго можна вынесці ўрокі. Таксама дзяўчына раіць пакрокава распісаць сваё паступленне: гэта дапаможа зарганізаваць працэсы.


Чытай іншыя гісторыі:


Як пабудаваная вучоба

Цяпер Юля ўжо год навучаецца на праграме «магістр у галіне дзяржаўнай палітыкі». Вучоба пабудаваная такім чынам, што ты сам ствараеш сваю праграму: трэба абраць 4-5 прадметаў на 9 крэдытаў. У сярэднім людзі бяруць 12 крэдытаў.

Да кожнага занятку лектары рыхтуюць дакумент з пералікам старонак кніжак, артыкулаў, якія трэба прачытаць. Таму да кожнага занятку ты прыходзіш ужо падрыхтаваны да дыскусіі. Юля распавядае, што спачатку мозгу патрэбен час, каб перабудавацца на ўспрыманне інфармацыі на ангельскай, наколькі б добра ты ні ведаў мову:

— Напрыклад, у першым семестры мы размаўлялі пра розныя палітычныя сістэмы — і ў маёй галаве проста не было гэтай мовы, каб чытаць на ёй складаныя артыкулы. Таму сыходзіла шмат часу, проста каб падрыхтавацца. Таксама мне спатрэбіўся час, каб наблізіцца да стылю камунікацыі амерыканцаў і амерыканак падчас заняткаў. Яны больш крытычна мысляць, у параўнанні з намі.

Тут не прынята спісваць, прынята камунікаваць з выкладчыкамі як на занятках, так і падчас так званых «офісных гадзінаў», калі можна прыйсці і пагутарыць з прафесарамі пра даследаванні ці задаць пытанні па матэрыялу. З дапамогай гэтай сістэмы можна таксама атрымаць пазіцыю асістэнта ці асістэнткі, напрыклад. Паколькі амерыканскія студэнты і студэнткі шмат плоцяць за навучанне, яны хочуць атрымаць максімум.

Мітынг за павышэнне заробкаў і спартыўная гульня. Фота: асабісты архіў гераіні

Універсітэт месціцца ў горадзе Ан Арбар, штат Мічыган, тут жыве каля 120 тысяч чалавек. Ён месціцца на мяжы з Канадай і лічыцца дастаткова ліберальным. Зімы тут прахалодныя, а лета — вільготнае. Ан Арбар — дастаткова маленькі горад, дзе ўсе сканцэнтраваныя на вучобе, таму займацца тут лёгка.

Юля шукала жыллё самастойна праз адмысловыя суполкі на Facebook: так яна сустрэла амерыканскую студэнтку, з якой разам цяпер арандуе кватэру. Акрамя вучобы, беларуска таксама ўдзельнічае ў студэнцкім аб’яднанні Global Fordies, якое прасоўвае культуры розных студэнтаў і студэнтак. Працуючы непасрэдна з адміністрацыяй школы, актывісты і актывісткі адвакатуюць змены, якія стварылі б больш сяброўскую прастору для замежных студэнтаў і студэнтак.

Юля распавядае, што спачатку сацыялізацыя больш актыўна ідзе паміж замежнікамі і замежніцамі, з амерыканскімі студэнтамі і студэнткамі ёсць некалькі «балявых» кропак:

— Да іх культуры прывыкаеш паціху. Трэба прызвычаіцца да пастаянных смолтокаў ні пра што, каб паступова пераходзіць на іншы ўзровень камунікацыі. А для гэтага спачатку трэба, скажам, тройчы выпіць кавы. Я была ўсцешаная, што мой асяродак шмат ведае пра Беларусь — даследчыцкая актыўнасць некаторых накіраваная на Усходнюю Еўропу. Таму ім цікава размаўляць са мной як з чалавекам з гэтага асяродку. Агулам амерыканцы і амерыканкі ветлівыя. Яны разумеюць, што любы чалавек, які прыязджае ў іх краіну, прыносіць разнастайнасць, і вельмі гэта шануюць. 

Як працаваць падчас вучобы

Каб атрымаць ступень магістаркі, Юлі абавязкова было прайсці стажыраванне паміж першым і другім годам навучання. З зімы мінулага года яна пачала шукаць месца для стажыроўкі: школа мае сетку партнёрскіх арганізацый, якія выстаўляюць вакансіі выключна для студэнтаў і студэнтак універсітэту.

Студэнцкае жыццё. Фота: асабісты архіў гераіні

Так беларуска ўбачыла, што ёсць магчымасць стажыравацца ў CARE — міжнароднай арганізацыі, якая працуе болей чым у ста краінах свету і займаецца барацьбой з сацыяльнай несправядлівасцю. Юліна стажыроўка звязаная з узаемадзеяннем з дзяржаўнымі органамі, яна працуе з данымі і фармаваннем адвакацыйных дакументаў. Стажыроўка не аплочваецца, але беларуска атрымала стыпендыю імя Эдмунда Маскі ад ураду ЗША, якая падтрымлівае яе летам. 

Дзяўчына распавядае, што па праграме Fulbright яна не можа займаецца прамым лабіяваннем, напрыклад, у Кангрэсе, бо адбудзецца канфлікт інтарэсаў, стыпендыя фінансуецца ўрадам ЗША:

— Але я праводжу падрыхтоўку да сустрэчаў, чытаю даследаванні, каб знайсці там аргументацыю. Я крыху засмучаная, што не магу ўдзельнічаць у працэсах непасрэдна, але ў той жа час я шмат чаму вучуся ў калегаў і каляжанак. Гэта не толькі выкананне абавязкаў за камп’ютарам, а нэтворкінг: я шмат абмяркоўваю з супрацоўнікамі і супрацоўніцамі, як яны будуюць працэсы.

Я працую восем гадзін на дзень, бо заняткаў летам у мяне няма. Тры дні я мушу прыходзіць у офіс у Вашынгтоне, два дні магу працаваць выдалена. З цікавага адзначу, што тут няма гадзіннага перапынку: часцей за ўсё людзі ядуць за працоўным месцам.    

Тры галоўныя вынікі Юлі за год жыцця ў ЗША

  1. Мець суполку людзей з разнастайнымі меркаваннямі — вялікая каштоўнасць.
  2. Варта быць адкрытым да зменаў і новага досведу.
  3. Трэба ніколі не баяцца прасіць дапамогі: шмат людзей шчыра радыя яе аказаць.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.


Ліка Юр’ева